Валянціна Жыгала: “Мае пацыенты – ужо тры пакаленні землякоў”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нядаўна ў вёсцы Ахонава адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў новы модульны фельчарска-акушэрскі пункт.

У час урачыстасці, прысвечанай гэтай падзеі, было адзначана, што на Дзятлаўшчыне пастаянна павышаецца матэрыяльна-тэхнічная база медыцынскіх установаў раёна. Аднак самым важным рэсурсам ва ўсе часы застаецца чалавечы: практычна на кожным з ФАПаў раёна працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, дзякуючы якім медыцынская дапамога насельніцтву аказваецца на высокім узроўні. У ліку вопытных медыкаў Дзятлаўшчыны – загадчыца Ахонаўскага ФАПа Валянціна Жыгала, якая ўзначальвае ўстанову больш за 35 гадоў.

Вёска і яе жыхары даўно сталі роднымі для яе, хоць прыехала сюды некалі са Шчучынскага раёна.

– Пасля заканчэння Слонімскага медвучылішча мяне размеркавалі ў Дзятлаўскі раён на Калпінскі ФАП. Калі прыбыла на месца, высветлілася, што тут ужо ёсць новы работнік, і мяне накіравалі ў Ахонава. Так і засталася тут на ўсё жыццё, прыкіпела душой да гэтых мясцін.

Прымаць новую “гаспадарку” маладому дзевятнаццацігадоваму спецыялісту было вельмі няпроста: дагэтуль у вёсцы на працягу сямі гадоў не было фельчара.

– Медыцынскую дапамогу аказвалі медыкі з райцэнтра, дакументацыя ўсе гэтыя гады вялася непаслядоўна. Ніколі не забуду тую суботу, калі прыехала, убачыла стол, завалены паперамі, падумала, з чаго ж я буду пачынаць. Абняла іх, паплакала… і стала працаваць, – узгадвае жанчына хіба што самы складаны ў сваёй працоўнай біяграфіі дзень.

Крок за крокам разабралася ў нюансах работы сельскага фельчара, “уцягнулася”. Нават з будучым мужам Валянціна Антонаўна таксама сустрэлася дзякуючы рабоце. Ён траўмаваў нагу на матацыкле, прыехаў на прыём на ФАП, дзе знайшоў не толькі медыцынскую дапамогу, але і будучую сям’ю.

За дзесяцігоддзі работы фельчарска-акушэрскі пункт, які размяшчаўся ў арандаваным памяшканні з печкай, стаў для Валянціны Жыгала другім домам. Тут яна праводзіла шмат часу ў працоўных буднях, тут побач з мамай практычна выгадаваліся двое яе сыноў. Праўда, ні адзін з іх не выбраў медыцыну сваёй прафесіяй.

– З кожным годам нашы ўмовы працы мяняліся да лепшага, – расказвае фельчар. – Калі раней у маім распараджэнні былі толькі танометр і тэрмометр, то цяпер новы ФАП абсталяваны па-сучаснаму: можна на месцы памераць унутраны ціск у воку, узровень глюкозы ў крыві, аказаць дапамогу. Раней у вёсцы было шмат маладых, актыўных, а цяпер тут жывуць пераважна пажылыя людзі.

У кабінеце ў “дакторкі” практычна кожны дзень ёсць пацыенты: адны зойдуць ціск памерыць або суставы палячыць, другія лекі набыць, а нехта і проста пагутарыць. Для кожнага ў Валянціны Антонаўны знаходзіцца неабходная дапамога і ласкавае слова. Тых, каму складана прыйсці на ФАП, фельчар наведвае сама: раз на год праводзіць абавязковую дыспенсарызацыю, часцей – заходзіць пацікавіцца, як здароўе землякоў. Кожны месяц прыязджаюць дактары з райцэнтра, да якіх вяскоўцы загадзя могуць запісацца на прыём.

– Цяпер, напрыклад, у нас актыўна ідзе вакцынацыя супраць грыпу, людзі адказна ставяцца да свайго здароўя, запісваюцца на прышчэпку.

Адкрыццё новага ФАПа ў Ахонаве – падзея значная, урачыстая, але з ноткай светлага суму: шкада старога будынка, дзе фельчар працавала з першага дня і да гэтага часу, сустрэла сваё шчасце, выгадавала дзяцей. Туды любілі часта прыходзіць аднавяскоўцы. Усіх сваіх пацыентаў жанчына ведае і любіць, як родных, заўсёды ў курсе іх праблем і клопатаў, і не толькі звязаных са здароўем.

– Мае пацыенты – ужо тры пакаленні землякоў, ведаю не толькі бабуляў і дзядуляў, але і іх унукаў, – расказвае яна. – Нават тыя, хто даўно пераехаў з нашага Ахонава ў вялікі горад, час ад часу імкнуцца на малую радзіму. Рада, што дзякуючы з’яўленню новага ФАПа цяпер зможам аказваць дапамогу ў больш сучасных умовах. Яшчэ папрацуем разам з маёй памочніцай санітаркай Таццянай Пранюк. Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна і нашай бальніцы за тое, што клапоцяцца аб вяскоўцах, іх здароўі і дабрабыце. Бо пакуль жывая вёска, то і краіна будзе жыць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: