Сустрэчы ў працоўных калектывах. Адказнасць – за падпіску, лайкі, дызлайкі і каментарыі

Важнае Грамадства

У працоўных калектывах нашага раёна праходзяць сустрэчы па прафілактыцы экстрэмізму. Патрабаванні заканадаўства тлумачаць супрацоўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, раённага аддзела міліцыі.

У час чарговай сустрэчы са спецыялістамі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” і дырэктарам прадпрыемства Андрэем Жыдко пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго патлумачыў, што такое экстрэмізм, якую небяспеку ён тоіць для грамадства і краіны, як праяўляецца.

– Дзяржава вымушана ставіць заслон гэтай з’яве і фарміраваць арсенал сродкаў супрацьдзеяння, – падкрэсліў Віталій Станіслававіч.

Спыніўся ён і на адказнасці за парушэнне выбарчага права:

– Прававой базай, якая забяспечвае правядзенне выбараў у Рэспубліцы Беларусь, з’яўляюцца: Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс, іншыя акты заканадаўства, Пастанова Цэнтральнай камісіі РБ па выбарах і правядзенні рэферэндумаў. Рознабаковы характар выбарчых праваадносінаў выклікае неабходнасць комплекснай абароны гэтай сістэмы ад неправамерных пасягальніцтваў. Выбарчы кодэкс утрымлівае норму, якая прадугледжвае, што за парушэнне выбарчага заканадаўства асобы нясуць адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам. Асноўнае месца ў механізме прававой аховы электаральных праваадносінаў адводзіцца адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Крымінальная надыходзіць за перашкоду ажыццяўлення выбарчых правоў ці работы выбарчых камісій і прадугледжвае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі. Адміністрацыйная – за парушэнне заканадаўства аб выбарах, яна выражаецца ў выглядзе штрафу да 15 базавых велічыняў.

Напрыканцы размовы пракурор, у сувязі з надыходзячымі святамі, папярэдзіў калектыў аб найбольш распаўсюджаных у пераднавагодні перыяд схемах махлярстваў. Яны тычацца пакупкі падарункаў і святочных тавараў у сацыяльных сетках. Ён заклікаў рабіць гэта толькі на вядомых і правераных маркетплэйсах, якімі людзі карысталіся раней.

Каб унесці для работнікаў большую яснасць у тлумачэнні па першай тэме, Андрэй Жыдко задаў Віталію Юрго пытанне:

– Спіс экстрэмісцкіх рэсурсаў пастаянна папаўняецца, што будзе, калі чалавек не адсачыў, зайшоў на ўжо забаронены, пачытаў навіны?

– За прагляд інфармацыі адказнасць не прадугледжана, а вось за падпіску, лайкі, дызлайкі ці каментарыі яна будзе паводле дзеючага заканадаўства, – адказаў пракурор.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga