Сёння днём на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве была незвычайная абстаноўка: недалёка ад галоўнай ёлкі раёна раз-пораз з’яўляўся цікавы яркі персанаж, трымаючы ў руках нейкую скрынку. Хто ж гэта такі і што ён хаваў, высвятлялі дзеці, якія гулялі па горадзе разам з бацькамі.
Нічога таемнага! З добрымі намерамі вясёлы клоўн запрашаў малечу паўдзельнічаць у конкурсах і атрымаць падарункі.
Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было па падказках клоўна здагадацца, што ляжала ў сакрэтнай скрынцы.
Хто адгадваў — той і атрымліваў падарунак у выглядзе цацкі.
Чамусьці многія дзеці лічылі, што ў скрынцы абавязкова будзе захоўвацца кубік Рубіка, але шчыра радаваліся таму, што сюрпрызы былі нечаканымі.
Пасля цікавай гульні ўсе ўдзельнікі вадзілі карагод і спявалі навагоднія песні. Да таго ж, арганізатары мерапрыемства, работнікі Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, частавалі маленькіх актывістаў цукеркамі.