Адчуванне набліжэння зімовых святаў прыходзіць у той момант, калі горад і раён пачынаюць упрыгожваць да Новага года і Калядаў. Аб гэтым ужо клапоцяцца работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ, ствараючы ў горадзе і раёне чароўную атмасферу Новага года.
На набыццё навагодняй ілюмінацыі і ўпрыгажэнняў выдзелены сродкі з раённага бюджэту.
На плошчы 17 Верасня ўжо ўстанавілі сем кампазіцый у выглядзе высокіх навагодніх бакалаў, якія будуць працаваць ад сістэмы вулічнага асвятлення. Таксама на плошчы размесцяцца фотазона: лаўка-паўмесяц, карэта а крыху далей, каля скрыжавання, – светлавы фантан. Таксама як і летась, будзе ўпрыгожана агнямі піяніна ў скверы па вуліцы Савецкай. На вуліцы Чырвонаармейскай з’явяцца светлавыя кансолі з дзяржаўнай сімволікай. Будуць абноўлены гірлянды на ёлках пасёлкаў Казлоўшчына, Наваельня і аграгарадка Гезгалы, ужо набываюцца новыя ёлачныя ўпрыгажэнні: банцікі і сняжынкі.
Сёлета ў Дзятлаве з’явіцца адразу некалькі радоў светлавых арак. Да мінулагодніх далучацца новыя: усе ўваходы ў парк па вуліцы Міцкевіча будуць абазначаны імі. Ужо традыцыйныя зіхаткія калідоры ўсталююць на вуліцах Савецкай і Навагрудскай. У гэты мікрараён таксама перамесціцца дэкор у выглядзе лічбаў новага года “2025”, з’явіцца і любімы дзетварой цягнічок, аздоблены мноствам агнёў.
Сёлета ўстановам адукацыі раёна прапануецца паўдзельнічаць у конкурсе на стварэнне цацак ручной работы, якія ўпрыгожаць вялікія ёлкі Дзятлаўшчыны.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае