У рамках Міжнароднага дня супраць фашызму, расізму і антысемітызму ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшла тэматычная інфармацыйная гадзіна з удзелам навучэнцаў, педагогаў, прадстаўнікоў раённага савета ветэранаў, дзятлаўчан.
У якасці экспертаў на яе былі запрошаны пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго, спецыяліст па турызме, экскурсавод раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, краязнаўца Алена Абрамчык, капітан ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Андрэй Лаўнік.
Работнікі бібліятэкі Святлана Магера і Марына Крупіца падрыхтавалі для прысутных змястоўны аповед, які раскрыў вытокі зверстваў над рознымі народамі. Так, у 1933 годзе на пасаду канцлера Германіі заступіў лідар партыі нацыянал-сацыялістаў Адольф Гітлер. Менавіта ён абяцаў вярнуць Германіі былую вялікасць і “канчаткова вырашыць яўрэйскае пытанне”. У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 года на тэрыторыі Германіі і Аўстрыі адбылася першая масавая акцыя ў адносінах да яўрэяў: было забіта каля 90 чалавек, сотні – паранены, 3,5 тысячы – адпраўлены ў канцэнтрацыйныя лагеры, спалены сінагогі, дамы, гандлёвыя і камерцыйныя прадпрыемствы. Маштабны пагром, які пазней атрымаў назву “Крыштальнай ночы” ці “Ночы разбітых вітрын”, паклаў пачатак Халакосту – масаваму знішчэнню яўрэйскага народа, ад якога загінулі мільёны чалавек. У час другой сусветнай вайны нацыстамі жорстка і бесчалавечна знішчаліся і іншыя нацыі і народнасці, душэўна і фізічна хворыя людзі. Як мы ведаем, у Вялікую Айчынную вайну загінуў кожны трэці жыхар Беларусі. Сапраўднымі “фабрыкамі” смерці для мірнага насельніцтва, у тым ліку нявінных дзяцей, сталі лагеры смерці і гета.
Страшным напамінам аб лютых зладзействах для прысутных прагучала відэапасланне з мінулага – ліст беларускай дзяўчынкі Каці Сусанінай, якая трапіла ў рабства да гітлераўскага памешчыка. Пасля вызвалення горада Ліёзна гэты кавалачак паперы з горкімі ўспамінамі быў знойдзены пад заваламі.
– Каб падобныя падзеі не паўтарыліся, а памяць аб іх захоўвалася, у 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, – нагадаў пракурор Віталій Юрго. – Пошукавыя работы ідуць і на Дзятлаўшчыне. Напрыклад, гэтай восенню ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына намаганнямі байцоў 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ажыццяўляліся раскопкі па выяўленні месца масавага пахавання расстралянага ў гады ваеннага ліхалецця мірнага насельніцтва. Была абследавана тэрыторыя каля будынка Дома культуры, паколькі неабходна было праверыць звесткі акта надзвычайнай камісіі ад 6 лютага 1945 года, паводле якіх у казлоўшчынскім садзе, размешчаным насупраць будынка былой нямецкай камендатуры, ускрылі чатыры магілы, дзе знайшлі астанкі 654 чалавек. На той час апазнаць іх ужо было немагчыма, таму пахаванні зноў закапалі. На жаль, сёлетнія раскопкі вынікаў не далі, расследаванне прадаўжаецца.
Расказаў Віталій Юрго аб знаходках і новых фактах, устаноўленых у іншых раёнах, прывёў лічбы па Гродзеншчыне ў цэлым.
Тэму прадоўжыла краязнаўца Алена Абрамчык. Яна больш падрабязна спынілася на сумных падзеях Халакосту на Дзятлаўшчыне, дзе за тры гады акупацыі былі забіты дзясяткі тысяч яўрэяў. Расказала гісторыі сем’яў дзятлаўчан Абрама Каплана, Бернара Пінскіх, камандзіра яўрэйскага партызанскага атрада Ёскеля Атласа, Фані Дунец. Узгадала, што ў нашым раёне існавала Дзятлаўскае, Казлоўшчынскае, Новаяльнянскае, Дварэцкае гета. Цяпер пра масавыя расстрэлы яўрэяў на Дзятлаўшчыне нагадваюць помнікі на брацкіх пахаваннях у Курпяшоўскім лесе, каля вёскі Коцькі Дварэцкага сельсавета, былой ільноэкспартнай базы ў Наваельні, іншыя. У наш час тэма Халакосту ўключана ў некалькі раённых турыстычных маршрутаў, сярод якіх “Ад цара да самавара”, “У гасцях у Абрама Каплана”, “Халакост на Дзятлаўшчыне”.
Самая страшная з’ява ў гісторыі чалавецтва, калі адна нацыя знішчае другую. Перамога над нямецкім фашызмам у 1945 годзе паклала канец зверствам, а Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу ў кастрычніку 1946 года назваў учыненыя фашыстамі злачынствы – злачынствамі супраць чалавецтва.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ