Дзятлаўшчына маладая. Адкрыты дыялог з маладымі парламентарыямі

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У райвыканкаме адбылася чарговая сустрэча членаў вучнёўскай палаты моладзевага парламента VII склікання пры раённым Савеце дэпутатаў са старшынёй райсавета Аляксандрам Бараноўскім.

Праходзіла яна ў фармаце адкрытага дыялогу пад сімвалічнай назвай “Будучыня – за намі!”.

Разам з членамі моладзевага парламента за круглым сталом сабраліся каардынатар іх дзейнасці Ірына Мішчанка, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Бічэль.

– Паколькі ў Беларусі праходзіць важны для нашай краіны працэс – электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта, то больш падрабязна пагаворым аб яе асаблівасцях, палітычным строі, інстытуце прэзідэнцтва, важнасці грамадскай актыўнасці ў вызначэнні лёсу нашай дзяржавы, іншых значных тэмах, – задаў тон размове Аляксандр Бараноўскі.

У час дыялогу з грамадска актыўнай моладдзю Дзятлаўшчыны старшыня раённага Савета дэпутатаў спыніўся на этапах выбарчай кампаніі, патлумачыў, што цяпер праходзіць збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Затым ініцыятыўныя групы прадаставяць дакументы для рэгістрацыі ў Цэнтральную выбарчую камісію, будуць утвораны ўчасткі для галасавання, адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў, утварэнне ўчастковых камісій. Адказным этапам будзе прадвыбарная агітацыя, а з 21 студзеня пачнецца датэрміновае галасаванне. На 26 студзеня ў Беларусі прызначаны асноўны дзень выбараў. Да 5 лютага будуць падведзены іх вынікі і пры неабходнасці да 9 лютага пройдзе другі тур галасавання.

Расказваючы пра інстытут прэзідэнцтва, Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што сёлета споўнілася 30 гадоў, як на пасаду першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абраны Аляксандр Лукашэнка. Пад яго кіраўніцтвам наша краіна развівалася, прыгажэла, мацнела. Сёння Беларусь займае ўпэўненую пазіцыю на міжнароднай арэне і ідзе самастойным курсам развіцця. За мяжой яе ведаюць не толькі як экспарцёра якасных тавараў, тэхнікі, харчовай прадукцыі, але і як мірную, спакойную, незалежную краіну.

Разам са старшынёй раённага Савета дэпутатаў члены моладзевага парламента паразважалі над важнасцю ўдзелу маладых людзей у электаральных і грамадскіх працэсах сваёй дзяржавы, пагутарылі аб далейшым узаемадзеянні юных парламентарыяў з дэпутатамі, паслухалі адказы на свае пытанні і сышліся на думцы, што толькі ад адзінства і ўзаемных намаганняў беларусаў залежыць будучыня нашай дзяржавы. Нездарма і назвай сустрэчы стала “Будучыня – за намі!”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: