У райвыканкаме. Да прафілактыкі рэцыдыўнай злачыннасці толькі – комплексны падыход

Важнае Улада

На пасяджэнні райвыканкама абмеркавалі работу суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асоб, якія маюць судзімасць.

Як праінфармаваў на пасяджэнні начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, па выніках работы за 8 месяцаў 2024 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года ўдалося дабіцца зніжэння колькасці злачынстваў, учыненых асобамі з нязнятай і непагашанай судзімасцю, з 29 да 24. Пры гэтым удзельная вага такой катэгорыі злачынстваў у структуры агульнай злачыннасці склала 33,3 %, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык – 36,5 %. Рост рэцыдыўных злачынстваў адбыўся на тэрыторыі Дзятлаўскага сельсавета (з 5 да 9), Новаяльнянскага сельсавета (з 1 да 4), Дварэцкага сельсавета (з 0 да 1).

За кожнай лічбай – свая гісторыя. Напрыклад, у Дзятлаўскім сельсавеце адзін былы асуджаны ўчыніў чатыры крадзяжы – у выніку чатыры злачынствы. У Новаяльнянскім праваахоўнікі затрымалі грамадзяніна, які пагражаў блізкім фізічнай расправай, своечасова прынялі меры, уратавалі людзей ад магчымай трагедыі.

– Не толькі міліцыянеры, а і старшыня сельвыканкама павінен ведаць кожнага падуліковага на сваёй тэрыторыі, трымаць яго ў полі зроку. Комплексна ўсім суб’ектам прафілактыкі працаваць з гэтымі людзьмі. Трэба зрабіць так, каб колькасць злачынстваў, учыненых раней асуджанымі, і далей зніжалася, а людзі, якія сёння патрэбныя ў эканоміцы, прыйшлі і працавалі, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

З пачатку года праведзены чатыры комплексныя адпрацоўкі тэрыторый сельсаветаў з абавязковым удзелам у іх супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў, службовых асоб сельскіх выканаўчых камітэтаў, спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, установаў аховы здароўя. Правяраліся па месцы жыхарства і працы асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі міліцыі, вывучаўся лад іх жыцця, паводзіны ў побыце. Праведзена 20 пасяджэнняў саветаў грамадскага пункта аховы правапарадку з запрашэннем на іх 56 падуліковых грамадзян. Важная роля пры адпрацоўцы населеных пунктаў адводзіцца рабоце назіральных камісій, у рамках якіх наведана па месцы жыхарства 112 раней асуджаных, якія стаяць на ўліку ў доктара-нарколага Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы або дапускаюць бытавое п’янства.

Усяго на ўліку ў міліцыі стаяць 246 чалавек, пры гэтым 30 з іх не занятыя ў эканоміцы дзяржавы.

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго заўважыў, што з 24 злачынстваў, учыненых раней асуджанымі асобамі, непрацуючымі грамадзянамі здзейснена 12, або 50 % ад колькасці зарэгістраваных.

– У дакладзе начальніка аддзела ўнутраных спраў прагучала, што кожны месяц з удзелам прадстаўнікоў назіральнай камісіі і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіцца акцыя “Не ўпусці свой шанц”, сёлета 34 грамадзянам у рамках яе прапанавана працаўладкаванне і выдадзены адпаведныя накіраванні, аднак з іх толькі 6 чалавек былі працаўладкаваны. Неабходна прымаць канструктыўныя меры, – падкрэсліў Віталій Станіслававіч.

Дарэчы, з усіх рэцыдыўных злачынстваў 54 % адносяцца да катэгорыі злачынстваў супраць уласнасці – крадзяжы, угон аўтамабіля, махлярства. У бягучым годзе не дапушчана забойстваў, вымагальніцтваў, хуліганстваў, рабаванняў. Пры аналізе злачынстваў па ўзроставых крытэрыях устаноўлена, што большасць з іх учыняюць асобы сталага ўзросту – ад 35 да 50 гадоў, са сфарміраванай жыццёвай пазіцыяй.

– Сапраўды, сітуацыю трэба разглядаць глыбей. Выяўленне праблемных момантаў ёсць, а далейшае суправаджэнне, кантроль з боку назіральнай камісіі зніжаны. Апорныя пункты ў раёне ўсе прыведзены ў годны выгляд, працуюць два крызісныя пакоі з поўным бытавым камфортам, адзін з якіх – для грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Выкарыстоўвайце паўнату магчымасцяў камісіі, участковых інспектараў у рабоце з дадзенай катэгорыяй грамадзян. Задзейнічанне іх у эканоміцы раёна павінна быць у прыярытэце, – нацэліў адказных на выніковую работу Андрэй Садоўскі. – Прынятыя меры дазволяць замацаваць станоўчую дынаміку прафілактычнай і папераджальнай работы, якая праводзіцца, а таксама будзе спрыяць аздараўленню крымінагеннай сітуацыі ў раёне ў цэлым.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga