ГрадусПлюс. Бяспека з пратэрміноўкай не працуе

Важнае Грамадства

Тое, што аўтаномны пажарны апавяшчальнік – рэч не проста патрэбная, а жыццёва неабходная, сёння ведае кожны.

Аб тым, як гэта маленькая і на першы погляд простая прылада зноў і зноў выратоўвае чалавечыя жыцці, інспектары аддзела па надзвычайных сітуацыях расказваюць на кожнай сустрэчы з насельніцтвам.

У большасці сучасных дамоў, кватэр ёсць ад аднаго да трох пажарных апавяшчальнікаў. Аднак тут узнікае іншая праблема. Удзельнікі раённых аглядавых камісій, якія на пастаяннай аснове абараняюць бяспеку дзятлаўчан, у ходзе работы выяўляюць цікавыя нестыкоўкі: апавяшчальнік ёсць, а карысці ад яго няма.

Як гэта? Ды ўсё вельмі проста! Калі заканчваецца тэрмін работы элемента сілкавання АПА, многія гаспадары не клапоцяцца аб яго замене або яшчэ лепш – проста вынімаюць з апавяшчальніка, “каб не пішчала”. Кожны тыдзень складаецца 5-6 пратаколаў па фактах парушэння заканадаўства ў гэтым напрамку, пры паўторы – з пакараннем.

Як можна атрымаць штраф за ўласную абыякавасць, бяспечнасць або ляноту, расказаў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык:

– З мэтай папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх, згодна з патрабаваннямі заканадаўства, уласнікі жылля абавязаны падтрымліваць у спраўным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, сваечасова мяняць элементы сілкавання ў іх на спраўныя. У выпадку выяўлення супрацоўнікамі РАНС няспраўнасці прыбора або выхаду са строю элементаў сілкавання ў іх у адносінах да ўласніка домаўладання надыходзіць адміністрацыйная адказнасць па частцы 7 артыкула 24.36 КоАП РБ. На першы раз выносіцца папярэджанне з вызваленнем ад адміністрацыйнай адказнасці, пры паўторным на працягу года парушэнні – штраф да 5 базавых велічыняў (200 рублёў).

Нагадаем, што батарэйка “Крона” ў аўтаномны пажарны апавяшчальнік каштуе ад 2 да 3 рублёў. Добрая нагода задумацца не толькі пра бяспеку, але і пра сямейны бюджэт.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga