Не так даўно ў рэдакцыю газеты “Перамога” звярнулася жыхарка Парэцкага сельсавета з камунальным пытаннем сваёй знаёмай, да якога яна не засталася раўнадушнай.
Па словах жанчыны, у адным са шматкватэрных дамоў аграгарадка Хвінявічы, які тутэйшыя людзі называюць “настаўніцкім”, у час дажджу назапашваецца вада ў падвале, а яшчэ – дажджавыя патокі з плоскага даху цякуць па фасадзе дома, падмываючы фундамент. Усё гэта дастаўляе дыскамфорт жыхарам, пераважна пенсійнага ўзросту.
Каб даведацца падрабязней, у чым праблема і як яна вырашаецца, разам са старшынёй Парэцкага сельвыканкама Аляксандрам Ядэйкам наведваем азначаны дом № 10 па вуліцы Леніна ў Хвінявічах.
На падыходзе нас сустракаюць жыхары двухпавярховіка Леанід і Ірына Сцяцко:
– Труба ў нас прагніла, з яе капала вада, даводзілася пасудзіну падстаўляць і выносіць. Трубу зрабілі, цяпер там усё добра. Яшчэ ў дождж цячэ з даху. Фундамент адрамантавалі, у падвал не трапляе. Але было б някепска, каб устанавілі вадасцёк.
Аляксандр Ядэйка пракаменціраваў сітуацыю:
– Дадзены васьмікватэрны дом належаў да аддзела адукацыі, тут жывуць пераважна педагагічныя работнікі на пенсіі і адзін інвалід. Пяць кватэр былі прыватызаваны, адна кватэра сацыяльная і дзве – належаць да дзяржаўнага жыллёвага фонду. Дом немалады, тут былі свае бытавыя праблемы. У 2010 годзе ў ім адрамантавалі дах, з таго часу скаргаў на працяканне столі або сцен у кватэрах не было. За паўтара дзесяцігоддзі неаднойчы ў доме праводзіліся рамонтныя работы: былі заменены на пластыкавыя ўваходныя дзверы ў пад’езды і вокны на тэрыторыі агульнага карыстання. У падвале замянілі электрычную праводку на новую. Пасля ўрагану, які здарыўся ў чэрвені, мы разам з участковым інспектарам наведвалі домаўладанні, размаўлялі з людзьмі, ніякіх нараканняў не паступала.
– Ці вырашаецца заяўленая праблема?
– Так, сігнал мы атрымалі ад жыхароў дома: металічная труба, пракладзеная ў падвале, прадзіравілася: вада выцякала па кроплі і збіралася ў ёмістасці, якую спецыяльна для гэтага ставілі і выносілі самі жыхары дома. Пашкоджаны ўчастак трубы заменены, працяканне ліквідавана. Другое пытанне, якое тычылася падцякання з даху, у працэсе вырашэння. Адмостка вакол дома была абноўлена, разглядаецца пытанне аб мэтазгоднасці будаўніцтва тут сістэмы сцёку, якое ў далейшым атрымае рэалізацыю. Са свайго боку, хацелася б звярнуць увагу жыхароў шматкватэрных дамоў на падтрыманне парадку ў падвальных памяшканнях агульнага карыстання, дзе недапушчальна і небяспечна складзіраваць хатнія рэчы.
– З якімі клопатамі звяртаюцца да вас мясцовыя жыхары?
– Звычайна гэта бытавыя пытанні, з якімі пенсіянеры не могуць справіцца самастойна. Некаторыя не маюць уласных дзяцей, таму аказваем пасільную дапамогу. Напрыклад, дапамагалі жыхаркам “настаўніцкага” дома з рамонтам сантэхнікі і водаправодных кранаў, час ад часу наведваем пажылых пацікавіцца здароўем і справамі. Яны і самі часта тэлефануюць у выканкам проста пагутарыць. На дадзены момант усе ключавыя пытанні вырашаны, самым актуальным застаецца тое, што некаторым з пажылых людзей патрабуецца догляд сацыяльнага работніка, знайсці якога не так проста.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga