Не перабольшым, калі скажам, што гэта адзін з самых чаканых для дзятлаўчан аб’ект рэканструкцыі.
У верасні пачаліся работы па аднаўленні лазнева-аздараўленчага комплексу па вуліцы Навагрудскай з вылучэннем чэргаў будаўніцтва пад фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Згодна з праектам, завяршыць іх плануецца ў красавіку 2025 года. На выкананне работ першай чаргі (уваходная група і лазня) з раённага бюджэту выдзелены 2 мільёны 915 тысяч рублёў. Заказчыкам выступіла Дзятлаўскае РУП ЖКГ, падрадчык – ТАА “Зодчий” (г. Слонім).
Апісаць тое, што зменіцца тут пасля рэканструкцыі, можна адным кароткім і ёмістым словам – усё.
Работа вядзецца з перапланіроўкай распранальных, мыльных і парыльных памяшканняў, з’явяцца буфет для наведвальнікаў, масажны кабінет. Асаблівая ўвага будзе нададзена людзям з абмежаванымі магчымасцямі: для іх прадугледжаны спецыяльныя парковачныя месцы, пандус і пад’ёмны механізм для перамяшчэння з фае ў лазневы комплекс і безбар’ернае асяроддзе ўнутры лазні. Акрамя работ у самім будынку, будзе праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, уладкаваны месцы для паркоўкі, кантэйнерныя пляцоўкі, новы казырок над галоўным уваходам. Таксама заменяць на новую ўсю мэблю і абсталяванне комплексу.
Ці будзе другі комплекс (басейн)? Абавязкова, у сваю чаргу. У межах рэканструкцыі лазні плануецца пабудаваць адзіны цеплавы вузел і цеплавыя сеткі як для лазні, так і для басейна.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga