Мясцовая агародніна карыстаецца попытам

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сезон асенніх кірмашоў завяршыўся, аднак свежую мясцовую агародніну ў Казлоўшчыне можна было набыць на рынку, які працуе па серадах.

Спецыяльна для пасялкоўцаў у базарны дзень сюды прыехаў з выязным гандлем фірменны магазін “Ветразь” КСУП “Жукоўшчына”.

Як адзначае прадавец магазіна Іна Кугейка, агародніну бяруць ахвотна, аднак вялікага ажыятажу не назіраецца:

– Прывезлі паўтоны яблыкаў па 1 рублі 80 капеек, 550 кілаграмаў буракоў па 80 капеек, 350 кілаграмаў морквы па 89 капеек, 1,1 тоны бульбы гатунку “скарб” – 86 капеек за кілаграм, трэцюю частку ўжо прадалі. Таксама добра бяруць буракі і моркву – па сетачцы-дзве, яблыкаў пакуль не прадалі.

Да гандлёвага месца КСУП “Жукоўшчына” пастаянна падыходзяць мясцовыя жыхары. Адны цікавяцца коштамі, іншыя робяць пакупкі. Некаторыя з іх падзяліліся, па што прыйшлі на базар.

Дзмітрый і Таццяна Скрундзі:

– Выйшлі на рынак набыць мяса, агародніну, абутак. На кірмаш не патрапілі, бо не мелі часу, а сёння дарэчы ўбачылі, што прадаюць агародніну. Набылі сабе моркву.

Яна Лішык:

– Заўсёды восенню запасаюся морквай на ўсю зіму, таму купіла адразу сетку. Каб лепш захоўвалася, натру яе на тарку і пакладу нарыхтоўкі ў маразільнік.

Галіна Хілімончык:

– Не паспела набыць буракі і моркву ў час сезонных кірмашоў, якія нядаўна праходзілі ў пасёлку. Вельмі дарэчы сёння прыйшла на рынак і ўбачыла ўсё патрэбнае ў выязным магазіне КСУП  “Жукоўшчына”. Купіла дзве сеткі буракоў і сетку морквы, што абышлося мне вельмі нядорага. Аддаю перавагу сезоннай прадукцыі ад сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна, задаволена, што мне так пашанцавала. Буракі перапрацую – замарыную на зіму, моркву буду захоўваць у падвале і выкарыстоўваць па неабходнасці. Думаю, усе жадаючыя, хто не паспеў закупіцца на кірмашах, папоўняць свае запасы на зіму.

Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка заўважыла, што запыты пасялкоўцаў па гандлі сезоннай прадукцыяй задавальняюцца:

– У гарпасёлку прайшлі два сельскагаспадарчыя кірмашы, дзе насельніцтва мела магчымасць набыць патрэбныя тавары. Па іх выніку застаўся попыт на агародніну, таму мы запрасілі КСУП “Жукоўшчына” прыехаць да нас са сваёй прадукцыяй у “базарны” дзень, каб кожны жадаючы змог купіць агародніну і яблыкі. Па серадах, акрамя сельгаспрадпрыемстваў раёна, у нас гандлююць прыватныя прадпрымальнікі з раёна і фермеры са Століна, якія забяспечваюць людзей капустай і іншай патрэбнай агароднінай. Асартымент на рынку добры, палепшыліся і ўмовы працы. Таксама быў адрамантаваны гандлёвы павільён, што зручна як для прадаўцоў, так і для пакупнікоў. За фінансавую дапамогу і садзеянне ў гэтай справе ад усіх пасялкоўцаў хачу выказаць словы ўдзячнасці прадстаўнікам раённай улады, у прыватнасці, старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму.

Ала Дзмітрыеўна наведала пасялковы рынак, каб пацікавіцца меркаваннем і клопатамі землякоў, абмеркавала надзённыя справы з намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Жэлезоўскай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga