Маніторынг у майстэрнях: дзе – парадак, дзе – недахопы

Важнае

Хоць на дварэ пакуль добры плюс і сонечнае надвор’е, але ўжо днямі сіноптыкі абяцаюць пахаладанне, таму павінны быць створаны ўсе ўмовы для камфортнай працы работнікаў.

Па гэтай прычыне з маніторынгам бытавых умоваў і тэмпературнага рэжыму ў рамонтных майстэрнях некаторыя сельгаспрадпрыемствы раёна наведалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак і галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі.

Такія праверкі яны робяць рэгулярна, сочаць, як працуецца тым спецыялістам, якія шмат часу праводзяць у вялікіх памяшканнях, што складана абагрэць да спрыяльных тэмператур; ці ёсць у гэтых людзей магчымасць сагрэцца на працягу рабочага дня, ці распрацаваны для гэтага графікі абагрэву.

Спачатку наведалі машынныя двары “Круцілавічы” і “Таркачы” ў ААТ “Граніт-Агра”. Як адзначыў Уладзімір Казак, тут істотных парушэнняў не выяўлена. Невялікія недахопы ёсць, але яны будуць хутка выпраўлены.

– У “Круцілавічах” цеплапункты гатовыя да ацяпляльнага сезона, катлы ўжо працуюць, – пракаменціраваў Уладзімір Фёдаравіч. – Пакуль не запускалі цеплагенератар для ацяплення вялікага памяшкання, дзе рамонтныя майстэрні, усе астатнія катлы ўжо задзейнічаны. Цёпла ў дыспетчарскай, у пакоі для адпачынку вадзіцеляў, там стаяць электрапанэлі. У памяшканні для рамонту аўтамабіляў таксама ёсць кацёл у рабочым стане. У “Таркачах” цеплагенератар і печка спраўныя, душавая працуе, бытавое памяшканне адпавядае санітарным нормам. Неабходна толькі крыху навесці парадак з тыльнага боку будынка майстэрняў і адрамантаваць там акно. На гэтых аб’ектах да ацяпляльнага сезона гатовыя, могуць працаваць спакойна.

На машынным двары ААТ “Дварэц-Агра” недахопаў заўважана больш. Не адрамантаваны электрарухавік для абагрэву рамонтнай зоны. Ужо даўно патрабуе аднаўлення дах у майстэрнях, аднак да гэтага часу работы яшчэ не выкананы, адсюль вада цячэ на сцены і печкі, якія таксама ўжо неабходна перарабляць. Кіраўніцтву гаспадаркі параілі набыць электрапанэлі для абагрэву бытавых памяшканняў і дыспетчарскай. У канторы кацёл паліцца, там цёпла.

Як зазначылі правяраючыя, заўвагі ёсць, і неабходна выпраўляць парушэнні. Маніторынг будуць працягваць і далей, праблемныя пытанні – трымаць на кантролі, адсочваць іх вырашэнне і выкананне ўсіх патрабаванняў.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga