Людміла Кеда: “Каб адказы былі канкрэтныя, па сутнасці”

Важнае Улада

29 кастрычніка з рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведала начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Людміла Кеда.

– На Гродзеншчыне вялікая ўвага надаецца якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, – расказала Людміла Мікалаеўна. – Як вынік, адзначаецца штогадовае зніжэнне зваротаў грамадзян у галоўнае ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама, вышэйстаячыя арганізацыі, самі ўстановы аховы здароўя. Штоквартальна і напрыканцы года ажыццяўляецца дэталёвы аналіз зваротаў, якія паступілі. Асноўную іх долю складаюць пытанні медыцынскай дапамогі. Яны разнапланавыя. Ёсць тыя, што тычацца яе аказання, найчасцей гэта звароты сваякоў у выпадку смерці роднага чалавека, на якія даём падрабязныя тлумачэнні: зразумела, што людзі, магчыма, не жадаюць мірыцца са сваёй бядой.

Другі момант, калі грамадзяніну аказана медыцынская дапамога, ён з пэўнымі яе момантамі згодны, з пэўнымі – не, таксама ўсё тлумачым. Бывае, што заяўнікі нязгодныя з рашэннямі медыка-рэабілітацыйных камісій. Пэўную долю займаюць пытанні лекавага забеспячэння. Гэта асноўныя тэмы зваротаў, якія тычацца медыцынскай дапамогі.

На другім месцы ідуць пытанні даведачнага характару, на трэцім – падзякі.

У спрэчных выпадках практыкуем камісійныя разгляды, калі ствараецца камісія, дэталёва вывучаецца кожны зварот па аказанні медыцынскай дапамогі, безумоўна, стараемся адказаць на ўсе пытанні заяўніка.

Работу са зваротамі грамадзян лічу вельмі важнай, бо яна дазваляе ўбачыць праблемныя моманты і хутка адрэагаваць на іх па прыняцці мераў арганізацыйнага характару, каб падобныя сітуацыі папярэджваліся, не паўтараліся, каб мы больш правільна арганізоўвалі медыцынскую дапамогу і наша насельніцтва было ёю задаволена.

Часта практыкуем сустрэчы з заяўнікамі, калі чалавек ад камісіі можа атрымаць адказы на свае пытанні, пачуць меркаванне не аднаго доктара, а некалькіх. Падобныя камісіі, як правіла, ствараем з высокакваліфікаваных спецыялістаў, дактароў, якія працуюць у нашых абласных установах, каб разгляд зваротаў быў канкрэтным, па сутнасці, даваў магчымасць заяўніку быць задаволеным пачутымі адказамі.

Большая частка зваротаў паступае ў электронным фармаце, ёсць і пісьмовыя, а выязныя формы арганізаваны штоквартальна. Я, мае намеснікі, начальнікі ўпраўленняў едуць у раёны, прычым стараемся, каб раёны чаргаваліся. Выязны прыём адметны тым, што людзі, якім складана трапіць у аблвыканкам, могуць звярнуцца па месцы жыхарства і атрымаць адказы на свае пытанні.

Таму ўсе формы прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў нашай краіне, вельмі правільныя і важныя ў рабоце кіраўніка любога ўзроўню.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga