Сёння вернікі сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава сустрэлі вялікую хрысціянскую святыню – крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Пакланіцца крыжу прыйшлі школьнікі, работнікі дзятлаўскіх арганізацый, кіраўніцтва раёна.
– Неабходна беражліва захоўваць нашу духоўную спадчыну і як мага шырэй раскрываць яе людзям. Ефрасіння Полацкая з’яўляецца духоўным сімвалам беларускага народа. Яна пры жыцці ўмела знайсці слова для кожнага чалавека, была міратворцай, якая адмовілася ад княскага паходжання дзеля самаадданага служэння і клопату пра людзей. Падзвіжніцтва і асветніцкая дзейнасць Ефрасінні Полацкай мелі вялікае значэнне для грамадскага і дзяржаўнага жыцця Полацкага княства. І сёння такая цікаўнасць да рэліквіі дзятлаўчан рознага ўзросту і веравызнання, жаданне памаліцца святой гаворыць аб салідарнасці, адзінадушшы, аднадумстве нашага народа, – падкрэсліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі.
– Радасна, увесь дзень дзятлаўчане ідуць пакланіцца святыні. Кожны нясе сваю малітоўную просьбу, а хтосьці і падзяку за дапамогу. Наша будучыня залежыць у многім ад таго, як мы будзем ведаць свае духоўныя карані і клапаціцца пра іх. Таму вельмі важна, каб як мага больш людзей ведала аб прападобнай Еўфрасінні, цікавілася яе дзейнасцю. Гэта добры прыклад для сучаснага чалавека. Малітвы знаходзяць водгук – Гасподзь захоўвае нашу беларускую зямлю, – адзначыў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель.
У гараджан і гасцей райцэнтра да 21 гадзіны ёсць магчымасць дакрануцца да святыні, памаліцца каля яе.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga