Нам даверана памяць. Хатынь – бязмерны смутак беларускага народа (+відэа)

Галоўнае Улада

Для Беларусі сакавіцкія дні адзначаны сумнай датай: 81 год таму на Зямлі не стала Хатыні.

22 сакавіка 1943 года жывымі былі спалены або расстраляны 149 вяскоўцаў, 75 з якіх – дзеці.

Сімвалічна, што кожны год у гэты дзень у памяць аб хатынскай трагедыі ва ўсіх кутках краіны праходзяць жалобныя мітынгі. Дзятлаўчане таксама ў чарговы раз далучыліся да раённай акцыі “Сёстры Хатыні” і сабраліся каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” на гарадскіх могілках, дзе вечны спачын знайшлі больш за 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з Ленінграда, Прыбалтыкі, Беларусі, Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі, міжнароднага піянерскага лагера “Наваельня”, загінулыя ад голаду і эпідэмій, замучаныя акупантамі ў 1943-1944 гадах.

Ушанаваць памяць загінулых у “агні ваеннага ліхалецця” да мемарыяла прыйшлі прадстаўнікі ўлады, дэпутаты, прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур, ваеннага камісарыята, грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюза, школьнікі, педагогі, дзятлаўчане.

– Спаленая нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі Хатынь стала сімвалам трагедыі многіх беларускіх вёсак, – звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі, адзначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Толькі на Дзятлаўшчыне лёс Хатыні раздзялілі 23 населеныя пункты, 7 з якіх былі знішчаны поўнасцю. Памяць аб трагедыі ваеннага ліхалецця ўвасоблена ў больш чым 90 помніках і мемарыяльных плітах раёна. Беларусы, як ніхто, разумеюць цану міру і не дазволяць перапісаць трагічныя падзеі гісторыі. Мы ганарымся гераічным мінулым суайчыннікаў і землякоў. Іх доблесць высока ацэнена: у год 80-годдзя вызвалення Беларусі горад Дзятлава ўзнагароджаны вымпелам Мужнасці. Нямногім населеным пунктам уручаецца такая адзнака. Таму мы павінны ганарыцца гераічным мінулым землякоў, разумець, што такое мір, захоўваць яго і перадаваць нашчадкам як вышэйшую каштоўнасць.

Да слоў кіраўніка раёна далучыліся і святары райцэнтра – благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ксёндз Андрэй Лішко. Яны нагадалі, што ў зямным жыцці вернікам належыць жыць па законе любові і захоўваць паміж сабой мір і згоду.

Вядучыя акцыі яшчэ раз аднавілі ў памяці яе ўдзельнікаў падзеі страшнага для Хатыні дня 22 сакавіка 1943 года, калі ворагі сагналі ў хлеў усіх вяскоўцаў. У полымі, пад кулямі аўтаматаў цудам удалося выжыць 2 хлопчыкам: Віктару Жалабковічу, якога, падаючы, прыкрыла сваім целам забітая маці, і дванаццацігадоваму Антону Бараноўскаму, які быў паранены ў нагу разрыўной куляй і яго палічылі памерлым. Адзіны дарослы сведка вогненнай трагедыі – 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, які паранены вылез з-пад абломкаў хлява да паміраючага сына. Гэты момант пакладзены ў аснову стварэння адзінай скульптуры мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – “Няскораны чалавек”.

Песню, прысвечаную той страшнай трагедыі, “Набат Хатыні”,  выканала Тамара Ступак.

Памяць аб расстраляных і загінулых у агні вайны дзятлаўчане ўшанавалі хвілінай маўчання, а затым у знак пашаны ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяла “Дзеці ліхалецця”.

Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны стала арэнай генацыду і страціла кожнага трэцяга жыхара. Наша краіна ніколі не змірыцца з адраджэннем фашызму і яго ідэалогіі ў любых формах. Жыць на сваёй зямлі, абараняць яе, гадаваць дзяцей і берагчы гістарычную памяць – запавет нашых дзядоў і прадзедаў сучаснаму пакаленню.

Не дапусціць паўтарэння, спыніць фашызм, захаваць нацыянальную ідэнтычнасць – заклікаюць нас званы Хатыні.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga