Калі лічыльнік перастаў лічыць

Важнае Грамадства

Як налічваецца плата за электрычную энергію, калі лічыльнік выйшаў са строю?

Пытанне: Жыльцы кватэры, якую здаю па дагаворы арэнды, пазванілі і сказалі, што лічыльнік электраэнергіі ўжо каля месяца не працуе. Ці пагражае мне, як гаспадару кватэры, штраф, і як у такім разе налічваецца плата за электрычнасць?

Адказвае намеснік начальніка Дзятлаўскага РЭС па збыце Мікалай Сайчык:

– У выпадку паломкі лічыльніка найперш звярніцеся ў энергазабяспечвальную арганізацыю для вырашэння сітуацыі. Калі электрычны лічыльнік выйшаў са строю не па віне спажыўца, а таксама пры яго самастойнай замене па ўзгадненні з энергазабяспечвальнай арганізацыяй адміністрацыйная адказнасць не прадугледжана.

Калі ж прыбор паламаўся па віне спажыўца або праведзена яго замена без узгаднення, за гэта пагражае штраф да 10 базавых велічыняў, для індывідуальных прадпрымальнікаў – да 25 базавых, для юрыдычных асобаў – да 50.

Што тычыцца аплаты, то з дня складання акта да моманту ліквідацыі безуліковага спажывання (але не больш за два месяцы) плата за спажытую электрычную энергію налічваецца зыходзячы з сярэднясутачнага спажывання электрычнай энергіі за мінулы разліковы перыяд.

Калі падобныя парушэнні не ліквідуюцца больш за два месяцы, разлік за энергазабеспячэнне праводзіцца на аснове норм спажывання паслуг электразабеспячэння, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных выдаткаў на аказанне паслуг.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga