ГрадусПлюс. Калі сяброўства заканчваецца, або Сабачая праблема

Важнае Грамадства

Што рабіць з безнагляднымі жывёламі? Гэта пытанне становіцца надзвычай актуальным, калі з агульнаграмадскага пераходзіць у персанальнае.

Так, у адным з дзятлаўскіх мэсенджараў нядаўна разгарнулася палеміка. Прычынай стала тое, што на дзіця адной з суразмоўніц на вуліцы горада Дзятлава напаў бадзяжны сабака. Наконт гэтага здарэння было шмат меркаванняў: ад рашэння ісці скардзіцца ў жылкамунгас або адразу ў райвыканкам – да прапановаў быць гуманнымі і падтрымаць бедных жывёл. Мы не высвятлялі, якімі дзеяннямі быў прадоўжаны дыялог, аднак нельга адмаўляць, што такая праблема на Дзятлаўшчыне, як і ў іншых рэгіёнах нашай краіны (і не толькі яе!) ёсць.

Але пагадзіцеся, што бадзяжныя жывёлы ў населеных пунктах – гэта адказнасць не мясцовых уладаў і камунальнікаў, а найперш жыхароў раёна, якія раўнадушна пазбаўляюцца ад сваіх гадаванцаў, або не лічаць неабходным трымаць сабаку ў вальеры або на ланцугу, дазваляючы яму гуляць, дзе хочацца. Калі былога гадаванца да жыцця на вуліцы не стырылізавалі, у хуткім часе рады безнаглядных катоў або сабак папаўняюцца безнагляднымі маленькімі істотамі. Дык што рабіць у такой сітуацыі?

Дзятлаўскае РУП ЖКГ дзейнічае ў межах прафесійных абавязкаў: бярэ на сябе не самую прыемную місію па адлове безнаглядных жывёлін.

– Гэта працэдура праводзіцца раз на месяц у Дзятлаве, Наваельні, Казлоўшчыне і Гезгалах планава. Калі патрабуецца экстранны адлоў, грамадзянам неабходна напісаць заяву ў сельвыканкам па месцы жыхарства, які заключае з камунальнай службай дагавор і аплачвае аказанне паслугі, – расказвае намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль.

Другі бок. Бедных сабачак і коцікаў шкада. Аднак усе, думаю, разумеюць, што прыкормліваць бяздомных жывёл і ствараць для іх ляжанкі каля пад’ездаў шматпавярховых дамоў або ў памяшканнях агульнага карыстання – гэта зусім не гуманізм у дачыненні да іншых, каму такое суседства дастаўляе нязручнасці.

Ці ёсць іншы варыянт? Вядома. У сваёй палеміцы ўдзельнікі чата прапаноўвалі арганізаваць прытулак для бадзяжных жывёл. Практыкі стварэння такіх устаноў на дзяржаўнай аснове ў Беларусі няма, а каб арганізаваць прытулак у прыватным парадку, трэба быць надзвычай матываваным і вольным ад іншых спраў чалавекам, працаваць на добраахвотных пачынаннях. Нават калі ўлічыць, што знойдуцца валанцёры і ўдасца рэгулярна збіраць грашовыя сродкі на ўтрыманне прытулка, што ініцыятыву падтрымаюць на раённым узроўні, ёсць нюансы, абавязковыя для вырашэння. Галоўны – гэта месца ўтрымання такіх жывёл, якое павінна адпавядаць санітарным нормам.

– Адпаведна пунктам 21 і 23 спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў да ўстанаўлення санітарна-ахоўных зон аб’ектаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі ўздзеяння на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11.12.2019 года № 847 (Дадатак № 1) санітарна-ахоўная зона для прытулкаў утрымання хатніх і безнаглядных жывёл, пунктаў ператрымкі жывёл звыш 100 галоў складае 300 метраў, да 100 галоў – 100 метраў, – расказала галоўны санітарны доктар Дзятлаўскага раёна Алена Шайбак.

Варыянты ёсць і праблемы застаюцца. Трэба, напэўна, пачаць з сябе. Калі кожны чалавек будзе належным чынам адказваць за тых, каго прыручыў, зарэгіструе чатырохногага сябра, будзе выконваць вакцынаванне і забяспечваць догляд, мы прыйдзем да стабілізацыі пытання аб бяздомных жывёлах. Але гэта ў ідэале.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga