Прыйшлі ў суд, каб выбраць прафесію

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы ў рамках прафарыентацыйнай акцыі “Дзень з прадпрыемствам”, закліканай  бліжэй пазнаёміць школьнікаў са шматгранным светам прафесій.

На гэты раз намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік запрасіла навучэнцаў 10-11 класаў гарадскіх школ, якія мараць аб прафесіі юрыста, у Дзятлаўскі раённы суд.

Каб пагружэнне ў прафесію было больш поўным, навучэнцам прапанавалі правесці сустрэчу ў зале пасяджэнняў, дзе аб сваім жыццёвым выбары, прафесійным станаўленні і рабочых буднях ім расказалі старшыня суда Вадзім Дуброўскі і суддзя Сяргей Сёмуха.

Школьнікі даведаліся аб структуры і функцыях суда, катэгорыях спраў, якія разглядаюць суддзі, пачулі аб найбольш запамінальных і цікавых з іх. Спецыялісты азнаёмілі дзяцей не толькі са сваімі працоўнымі абавязкамі, але і з асаблівасцямі работы іншых удзельнікаў судовых працэсаў – адваката, сакратара, следчых.

Узгадалі і пра сучасныя тэхналогіі, якія дапамагаюць у рабоце.

Вадзім Ігаравіч і Сяргей Міхайлавіч падрабязна адказалі на ўсе пытанні дзяцей і дарослых аб нюансах юрыдычнай прафесіі, напрыканцы прапанавалі сваім юным гасцям, якія сапраўды зацікавіліся работай суддзяў, у далейшым зноў прыйсці ва ўстанову і прыняць удзел у адкрытых судовых пасяджэннях у якасці слухачоў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga