У горадзе Дзятлаве ў час акцыі “Стань больш заўважным у цемры!” да супрацоўнікаў ДАІ далучыліся і прадстаўнікі праваслаўнай царквы.
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Андрэй Іскра наведалі ўстановы адукацыі і раздалі навучэнцам і работнікам школ флікеры.
Яны нагадалі дзецям, што дзеля сваёй бяспекі ў цёмны час сутак на вуліцы неабходна абавязкова пазначаць сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі.
– Беражонага Бог беражэ, – зазначыў айцец Іаан. – Вельмі важна насіць флікер, каб сябе засцерагчы ад бяды і вадзіцелям не ствараць праблем на дарозе.
– Выконвайце правілы дарожнага руху. Калі ідзяце па праезнай частцы ці абочыне дарогі ў цёмны час сутак, пазначайце сябе, вадзіцель павінен бачыць вас здалёк. Пешахода без флікера дзяржаўтаінспектары прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці – гэта штраф ад адной да трох базавых велічыняў, – дадаў Андрэй Іскра.
Таксама раздалі флікеры і нагадалі аб правілах паводзінаў на дарозе дзятлаўчанам на вуліцах горада, наведалі і рэдакцыю газеты “Перамога”.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga