Дай, крыніца, напіцца чыстай, халоднай, смачнай вадзіцы

Важнае Улада

У маляўнічым куточку гарадскога пасёлка Казлоўшчына 14 кастрычніка ў свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці было шматлюдна: тут з малітвай адкрылі і асвяцілі новы аб’ект добраўпарадкавання – крыніцу.

На ўлонні прыроды ў пасёлку з-пад зямлі струменіцца вада, для якой абсталявалі вымашчанае каменьчыкамі русла, вывелі трубу ў форме крыжа, арганізавалі каплічку над міні-калодзежам з купалам, які нагадвае макаўку праваслаўнага храма, устанавілі побач два паклонныя крыжы, драўлянымі кругляшамі вымасцілі прыгожую дарожку.

Для асвячэння крыніцы сабраліся прадстаўнікі праваслаўнага і каталіцкага духавенства, кіраўніцтва раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, работнікі, школьнікі, вернікі. Добрымі песнямі гледачоў парадавалі артысты Казлоўшчынскага дома культуры.

– Сёння Праваслаўная Царква адзначае вялікае свята – Пакроў Прасвятой Багародзіцы, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Прыемна, што ў гэты дзень адбываецца такая добрая падзея, як асвячэнне крыніцы. Калі звярнуцца да гісторыі гэтага праекта, то Казлоўшчына – унікальнае прыроднае месца, бо ў гарпасёлку ёсць каскад азёраў, блізка да паверхні знаходзяцца грунтовыя воды. Такіх крыніц шмат на Дзятлаўшчыне. Старажылы пасёлка памятаюць, што некалькі дзесяцігоддзяў таму тут бурылі свідравіну для гаспадарчых мэтаў, з’явілася моцная плынь вады, з ёю цяжка было справіцца. Вада ўсё паступала, і калі на прамую лінію ў сакавіку гэтага года патэлефанаваў мясцовы жыхар і расказаў аб праблеме, найперш па ацэнку сітуацыі мы звярнуліся да спецыялістаў. Зразумелі, што затампанаваць выхад вады немагчыма, тады было прынята рашэнне добраўпарадкаваць крыніцу. Словы ўдзячнасці за ўдзел у рэалізацыі планаў па добраўпарадкаванні адрасую найперш нераўнадушным кіраўнікам арганізацый – Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, Дзятлаўскага мясакамбіната, “ПанЭкспа”, жыхарам. Частка грошай была выдзелена са сродкаў суботніка, работы выконвалі сваімі сіламі. Хочацца, каб добраўпарадкаваная казлоўшчынская крыніца стала месцам прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей пасёлка, каб сем’і і людзі маглі прыйсці сюды, палюбавацца прыгажосцю, адпачыць. Думаю, мы пакінулі добры след на зямлі. Работы яшчэ не завершаны: у планах паставіць альтанку, магчыма, зрабіць і купель. Віншую ўсіх са святам і прыемнай падзеяй, міру, здароўя, дабра.

З нагоды памятнай даты Андрэй Садоўскі перадаў протаіерэю Георгію Ярмолічу, настаяцелю царквы Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына, ікону – падарунак Дзятлаўшчыне ад горада-пабраціма Курскай вобласці.

– Родная зямля, вада і паветра – гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць, – падкрэсліла старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка. – Тут рэалізавана добрая справа. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці выказваю старшыні Дзятлаўскага райвыканкама за мудрае рашэнне, падтрымку і фінансаванне пры добраўпарадкаванні тэрыторыі. Месца атрымалася прыгожым, значыць і любімым на многія гады для адпачывальнікаў. Дзякую ўсім нераўнадушным, хто адгукнуўся, дапамог ці справай, ці парадай. Дзякую за грамадзянскую актыўнасць, віншую са святам, жадаю шчасця і дабрабыту!

Благачынны Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель заклікаў прысутных да малітвы, а затым асвяціў крыніцу.

Звярнуўся да вернікаў і ксёндз прыхода касцёла Сэрца Езуса вёскі Рандзілаўшчына Андрэй Пышынскі.

Затым іерэй Іаан Кісель расказаў аб вытоках свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы – сімвале заступніцтва Маці Нябеснай для ўсіх хрысціян. Ён падзякаваў усім, хто папрацаваў над добраўпарадкаваннем крыніцы. На памяць аб падзеі айцец Іаан падарыў кіраўніку раёна ікону Прасвятой Багародзіцы.

Напрыканцы прысутныя прадоўжылі добраўпарадкаванне тэрыторыі каля крыніцы і высадзілі тут алею з туяў, а потым з задавальненнем пачаставаліся вадою з асвечанай крыніцы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga