Аляксандр Рогач: “Сваімі поспехамі абавязаны любімай жонцы”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У Мінску ў Палацы Рэспублікі прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых работнікаў розных галінаў народнай гаспадаркі нашай краіны.

Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды людзям, якія дасягнулі высокіх поспехаў на працоўнай ніве. У іх ліку медаля “За працоўныя заслугі” ўдастоены наш зямляк, трактарыст-машыніст КСУП “Жукоўшчына” Аляксандр Рогач.

Каб павіншаваць калегу з самай значнай у жыцці кожнага шчырага працаўніка ўзнагародай, у кабінеце кіраўніка прадпрыемства сабраліся адміністрацыя, прафсаюз прадпрыемства, а таксама старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

– Высокая дзяржаўная ўзнагарода – сапраўды заслужаная. Аляксандр Рогач да сваёй работы ставіцца адказна, добрасумленна, і кіраўніцтвам рэспублікі прынята правільнае рашэнне адзначыць яго заслугі перад гаспадаркай, раёнам, нашай краінай. Хвала і пашана такім людзям! – адзначыў дырэктар КСУП “Жукоўшчына” Васіль Алясюк. – Шаноўны Аляксандр Аляксандравіч, шчыра жадаю вам поспехаў ва ўсіх справах, дабрабыту. Дзякуй за работу! Вы даўно заслужылі права на адпачынак, але мы спадзяёмся, што ў вас будзе жаданне яшчэ папрацаваць у родным калектыве.

Ад прафсаюзнага камітэта КСУП “Жукоўшчына” механізатару ўручылі кветкі і каштоўныя падарункі.

Уладзімір Казак далучыўся да віншаванняў:

– Паважаны Аляксандр Аляксандравіч, хачу павіншаваць вас з заслужанай пачэснай узнагародай. Медалём “За працоўныя заслугі” адзначаюцца самыя лепшыя работнікі нашай краіны, прыемна, што сярод іх нямала прадстаўнікоў аграрнай сферы. Без малога чатыры дзесяцігоддзі  вы аддалі служэнню няпростай справе – рабоце на зямлі. Мы ганарымся вамі і ад усёй душы віншуем вас з гэтай адметнай падзеяй, жадаем міру ў краіне, дабрабыту ў сям’і, поспехаў у рабоце. Няхай здароўе і бадзёрасць не пакідаюць вас, каб вы яшчэ не адзін год маглі працаваць дзеля роднай Беларусі.

Аляксандр Рогач расказаў, чаму 38 гадоў таму выбраў сельскую гаспадарку і каму абавязаны высокімі працоўнымі дасягненнямі.

Нарадзіўся ён у маляўнічай вёсцы Явар нашага раёна, як і аднавяскоўцы, яшчэ са школьных гадоў зведаў сялянскі хлеб. У школьныя гады працаваў падсобным рабочым на збожжасушыльным комплексе, у старэйшых класах – памочнікам камбайнера ў калгасе “Новае жыццё”. Пасля заканчэння прафесійнага вучылішча і службы ў арміі ў 1986 годзе вярнуўся сюды ўжо спецыялістам-механізатарам.

Аляксандр Аляксандравіч з цеплынёй узгадвае, на якой тэхніцы давялося папрацаваць за гэты час:

– Памочнікам пачынаў на камбайне “Колас”, затым – “Ніва”. У 1990-ым годзе перасеў на “Дон”, а праз год, калі жаніўся і пераехаў у Жукоўшчыну, сам прыгнаў для гаспадаркі набыты на Віцебшчыне таксама “Дон-1500”, але ўжо новы. Сваім ходам ехалі два дні – весела, справа маладая. Таксама ездзілі на завод у Ленінград забіраць новы трактар “Кіравец” для прадпрыемства. Ужо ў 2007-ым атрымаў у распараджэнне ад кіраўніцтва прадпрыемства новы “Гомсельмаш КЗС-10”.

Мінула ўжо некалькі гадоў, як Аляксандр Рогач не ўдзельнічае ў жніве: здароўе не тое, каб працаваць у спякоту, ды і сілы ўжо не маладыя.

– А некалі былі такія гады, што стаяла сухое надвор’е, і мы ад пачатку жніва да апошняга дня малацілі без выхадных, – расказвае механізатар.

Аднак і сёння на трактары “Джон Дзір” выконвае ўвесь спектр сельскагаспадарчых работ ад ворыва і сяўбы – да перавозкі ўгнаення і зялёнай масы. Здараецца ў сезон перасаджваецца на іншую тэхніку, удзельнічае ў капанні бульбы.

– Каму вы хацелі б падзякаваць за высокую ўзнагароду?

– Удзячны калектыву гаспадаркі, кіраўніцтву раёна за тое, што заўважылі маю працу і вылучылі на атрыманне медаля “За працоўныя заслугі”. Шчыра скажу, сваімі поспехамі абавязаны любімай жонцы Ганне Станіславаўне, якая заўжды падтрымлівала, аберагала наш сямейны ачаг пакуль я на перадавой удзельнічаў у бітве за ўраджай. Невыпадкова і падарункі ад прадпрыемства з нагоды ўзнагароды я выбраў, каб парадаваць яе.

– Які наказ вы далі б тым, хто толькі пачынае шлях у сельскагаспадарчых прафесіях?

– Каб дабіцца поспеху, трэба шчыра любіць зямлю і сваю работу, працаваць, быць паважлівымі да старэйшых і прыслухоўвацца да іх меркавання. Немалаважная рыса характару для сельскагаспадарчых работнікаў – цярпенне, ураўнаважанасць і ветлівасць: добрае слова і зямля любіць, і людзі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga