Алена Васкель: “Стане стымулам для пенсіянераў, якія працуюць”

Важнае Грамадства

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 402 “Аб сацыяльнай падтрымцы”. Ён уступіць у законную сілу 1 студзеня 2025 года.

На што скіраваны нарматыўны акт і як ён палепшыць сістэму дзяржаўных гарантый для беларусаў, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель:

– Па-першае, будуць зняты абмежаванні памеру пенсій для працуючых пенсіянераў. Яны пачнуць выплачвацца без выкарыстання абмежавання па індывідуальным каэфіцыенце заробку не больш за 1,3. Мера гэта не толькі павысіць суму пенсій, але і стане стымулам для пенсіянераў, якія прадаўжаюць прафесійную дзейнасць.

Павялічыцца і тэрмін падачы заявы па назначэнне пенсіі па ўзросце. Паводле змяненняў, зрабіць гэта грамадзяне змогуць як за месяц да ўзнікнення права на пенсію, так і на працягу аднаго месяца пасля яго ўзнікнення. Калі чалавек “уклаўся” ў тэрмін, то пенсію яму прызначаць з дня ўзнікнення права на яе, а вось пры позняй даце падачы заявы – з дня звароту.

Па-другое, зменіцца парадак вызначэння заробку для налічэння пенсіі. У 2024 годзе для разліку прымаўся заробак за апошнія 30 гадоў запар, з кожным годам ён “прырастаў” на год і ў 2025-м склаў бы 31 год. Указам жа зафіксаваны роўна 30-гадовы перыяд для разліку індывідуальнага каэфіцыента заробку, а далейшае яго штогадовае павелічэнне спыняецца. Гэта зроблена для паступовага, без прадастаўлення людзьмі “папяровых” даведак, пераходу да пацвярджэння заробку данымі індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку Фонду сацабароны насельніцтва (ён вядзецца з 2003 года).

Новым нарматыўным актам пашыраны катэгорыі грамадзян, якія могуць атрымліваць пенсіі праз пошту, у тым ліку з дастаўкай на дом. Гэта асобы з асаблівасцямі здароўя, а таксама тыя, хто жыве з інвалідам І групы або даглядае дзіця-інваліда.

Указам прадугледжана дадатковая падтрымка для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі: вызначана права на датэрміновую пенсію па ўзросце для бацькі дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства), які самастойна яго гадуе без удзелу маці.

Дзецям-інвалідам у выпадку смерці аднаго з бацькоў прызначаецца дадатковае павышэнне пенсіі (з улікам ступені страты здароўя) ад 80 да 110 % бюджэту пражытачнага мінімуму.

Прадугледжвае новы дакумент і зніжэнне страхавога стажу для шматдзетных маці. Так, з 1 студзеня 2025 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выгадавалі іх да васьмігадовага ўзросту, страхавы стаж для прызначэння пенсіі па ўзросце зніжаецца з 10 да 5 гадоў (як гэта прадугледжана для жанчын з пяццю і больш дзецьмі).

Па падрабязныя тлумачэнні змяненняў можна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па тэлефоне 2-19-91.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga