Праз церні – да зорак

Важнае Спорт і турызм

Гэта самы надзейны шлях для дасягнення поспеху, і каму пра тое ведаць лепш, як не нам, Дзятлаўскаму турінфацэнтру, хто пачынаў турызм у раёне, можна сказаць, з абсалютнага нуля.

Але сёння гэты нуль ператварыўся ў значны турыстычны прадукт, які мы прапануем не толькі падарожнікам, але і калегам з розных рэгіёнаў Беларусі.

Скончыўся вясенне-летні сезон 2024 года, і па традыцыі хочацца падзяліцца з чытачамі тымі поспехамі, якіх дасягнулі з лютага па жнівень бягучага года.

І пачнём з новага, паспяхова апрабаванага турыстычнага прадукта, які распрацавалі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А гэта, у першую чаргу, турыстычная праграма “Па слядах герояў”, якая ўяўляе сабой не толькі экскурсію па помніках, але і некалькі анімацыйных праграм на аграсядзібе “Каля дуба” з удзелам артыстаў Дварэцкага дома культуры і ў доміку паляўнічага Дзятлаўскага лясгаса з удзелам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Падключыліся да праграмы і школы горада: сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава імя Ю. І. Філідовіча падрыхтавала  анімацыю “Героі не сыходзяць у нікуды” каля помніка Іосіфу Філідовічу, а гімназія № 1 – анімацыю “Шалом Шабат”, якая расказвае пра даваеннае жыццё яўрэйскага насельніцтва ў Дзятлаве і папярэднічае аповеду пра Халакост на нашай зямлі.

Праграма “Па слядах герояў” карысталася вялікім поспехам. За вясенне-летні перыяд яе паглядзелі амаль усе школьнікі раёна, а таксама дарослыя, супрацоўнікі Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” і Дзятлаўскай сельгастэхнікі, карэспандэнты БТ 1, СТВ, беларускага радыё “Сталіца”, удзельнікі рэспубліканскага  семінара.

А каб прадставіць сваю работу поўна, заахвоціць турыста да падарожжа, наш цэнтр распрацаваў і выдаў новую паліграфічную прадукцыю. Гэта дзве кнігі – “Дзятлаўскі раён: мінулае і сучаснае”, выдадзены лістоўкі, якія ілюструюць чатыры бакі турыстычнай Дзятлаўшчыны – гераічную, таямнічую, незвычайную і гасцінную. Па кожным з кірункаў вядзецца актыўная работа: распрацоўваюцца маршруты і турыстычная навігацыя, ствараюцца праграмы і кластары.

Як жа мы прываблівалі турыстаў на Дзятлаўшчыну? Ды па-рознаму. У першую чаргу, на выставах, адна з якіх – “Адпачынак-2024”, дзе былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Уладзімірскай, Смаленскай і Курганскай абласцямі. Даведалася пра нас і маскоўская турыстычная фірма “Пілігрым”, што неаднаразова сёлета прывозіла на Дзятлаўшчыну сваіх турыстаў.

А яшчэ мы сталі ўдзельнікамі Фестывалю нацыянальных культур у Гродне, дзе таксама актыўна прапагандавалі турызм на Дзятлаўшчыне. Не выключэнне і публікацыі ў разнастайных сродках масавай інфармацыі, найперш у раённай газеце “Перамога” і “Гродзенскай праўдзе”.

Калі ж казаць пра сацыяльныя сеткі, то намі знята больш за 80 ролікаў пра Дзятлаўшчыну. Яны падарожнічаюць па ТікТоку і набралі на момант напісання артыкула 1450 падпісчыкаў і 10800 лайкаў, мноства каментараў. Мы амаль штодня напамінаем пра сябе і нашы справы, мерапрыемствы і планы ў Інстаграм і на Фейсбуку.

Што ж у выніку? Вынік радуе. За сезон было праведзена 64 экскурсіі, у якіх прынялі ўдзел 1236 чалавек, з іх 44 – грамадзяне Расійскай Федэрацыі. Дзятлаўскі турінфацэнтр можа прапанаваць 12 відаў экскурсій рознай тэматыкі. Мы спадзяёмся, што дарога да нас пракладзена надоўга, бо Дзятлава і яго турыстычныя аб’екты гасцям горада падабаюцца.

А калі ўзяць сплавы на байдарках, то ад жадаючых не было адбою. Ды і не дзіва: пра Вольгу Васіленка і водныя падарожжы па рэках Моўчадзь і Шчара ведае ўжо амаль уся рэспубліка. Усяго праведзена за сезон 72 сплавы, у якіх прынялі ўдзел 784 чалавекі.

Хочацца сказаць, што ў любой сітуацыі побач з намі сябры і калегі, аднадумцы, яны заўсёды гатовы падставіць плячо. Мы шчыра ўдзячныя за маральную і матэрыяльную падтрымку нашых ідэй старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму, школам раёна за ўдзел у акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”, аграсядзібе “Каля дуба”, Дзятлаўскаму лясгасу і іншым арганізацыям раёна, Анатолю Кардашу і Сяргею Балыкову, галоўнаму спецыялісту аддзела адукацыі Алене Гарановіч.

Церні, як бачыце, мы прайшлі, але да зорак яшчэ далёка. І каб хоць крыху наблізіцца да іх, не спыняемся на дасягнутым, а плануем актыўную дзейнасць на наступны сезон.

Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga