Нішто вялікае не робіцца раптоўна.
Вось і наш горад Дзятлава абнаўляецца паступова і мэтанакіравана: не толькі цэнтр, а і жылы сектар.
Ужо ў кастрычніку пачнецца капітальны рамонт дома № 7 па вуліцы Клары Цэткін у Дзятлаве, які прадоўжыць комплекс работ па абнаўленні “пажылога” мікрараёна. Кошт будаўніцтва складзе 345 тысяч рублёў, выдаткаваных з раённага бюджэту. Заказчыкам работ выступіць Дзятлаўскае РУП ЖКГ, генеральным падрадчыкам – дзятлаўскае Упраўленне будаўнічых работ ААТ “Будкомплекс”.
Работы будуць праводзіцца на плошчы 885 квадратных метраў. Планы, якія належыць увасобіць у жыццё, вялікія: замена магістральных трубаправодаў, стаякоў сістэм халоднага і гарачага водазабеспячэння, усіх элементаў сістэмы ўнутраных вадасцёкаў, стаякоў і выпускаў бытавой каналізацыі. Мадэрнізуюць і сістэму асвятлення: у памяшканні электрашчытавой будзе ўладкавана асвятленне бяспекі, заменена групавая сетка асвятлення падземнага паверха, дзе з’явяцца свяцільнікі са святлодыёднымі модулямі, таксама будзе аўтаматызавана асвятленне лесвічных клетак і ўваходаў у пад’езды. Для захавання бяспекі будынак абсталююць сістэмай маланкааховы.
Яшчэ адзін дом савецкага часу набудзе сучасны выгляд і стане больш утульным для сваіх жыхароў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga