Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну – памяць пра страшныя трагедыі людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жудасных злачынстваў фашызму.
І мы, нашчадкі, павінны помніць пра гэта, каб больш ніколі не паўтарыць. У верасні адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў фашызму. З гэтай нагоды ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшло мерапрыемства, на якое былі запрошаны кіраўніцтва раёна, навучэнцы школ, дзятлаўчане, якіх хвалюе гэтая тэма.
Вядучая сустрэчы нагадала пра тыя страшныя гады, калі наш раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія праводзілі тут палітыку разбою і масавага знішчэння мірнага насельніцтва, спальвалі цэлыя вёскі разам з мясцовымі жыхарамі. Цяжка ўсведамляць, што ў Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, 170 гета, больш за 500 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, у якіх знішчана каля 1,4 мільёна чалавек.
У студзені 2022 года ў нашай краіне быў прыняты Закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пра ход расследавання крымінальнай справы па фактах генацыду на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна расказаў пракурор Віталій Юрго.
Гасцям паказалі відэаролік, запісаны навучэнцамі Круцілавіцкай сярэдняй школы. Яны адправіліся ў трохдзённы велапаход па роднай зямлі, наведалі вёскі, якія ў гады вайны былі спалены разам з жыхарамі – Вялікая Воля, Гарадкі, Трахімавічы. У час падарожжа школьнікі ўскладалі кветкі да магілаў ахвяраў фашызму, гутарылі з мясцовымі жыхарамі – відавочцамі вайны.
Напрыканцы мерапрыемства памяць усіх загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga