Няправільная эксплуатацыя электрапрыбораў і перагрузка электраправодкі па магутнасці могуць прывесці да паражэння людзей электрычным токам і ўзгарання, якое прывядзе да пажару.
Часта прычынамі электратраўмаў і няшчасных выпадкаў у побыце пры выкарыстанні электраэнергіі з’яўляюцца няправільны мантаж электраправодак, сколы на корпусе электраабсталявання, пашкоджаны кабель сілкавання, парушэнне ізаляцыі электраправодкі ў даступных для дакранання месцах. Таксама не варта грэбаваць якасцю кантактных злучэнняў электраправодкі ў электрычных шчытах, размеркавальных каробках, штэпсельных разетках.
Так, жыхар Лельчыцкага раёна, 1987 года нараджэння, знаходзячыся ў гасцях, слухаў музыку па калонцы, якая была падключана да штэпсельнай разеткі па часовай лініі провадам радыёсувязі. Заўважыўшы пагаршэнне кантактнага злучэння ў разетцы, пацярпелы вырашыў сам выправіць няспраўнасць. Дакрануўшыся ў час рамонту да аголеных токавядучых частак провада ў месцы далучэння да разеткі, якая мела пашкоджанні і аголеныя токавядучыя ўчасткі, ён быў смяротна траўмаваны.
Жыхар горада Івацэвічы, 1985 года нараджэння, вырашыў прасвідраваць адтуліну ў каналізацыйным калодзежы для падключэння трубы да свайго дома. Ён выкарыстаў адбойны малаток, які падключыў праз два падаўжальнікі да штэпсельнай разеткі на вонкавай сцяне дома. З-за дажджлівага надвор’я адбыўся прабой напружання на корпус адбойнага малатка. Брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі, якая прыбыла на месца няшчаснага выпадку, была канстатавана смерць мужчыны.
Электрычны ток немагчыма ўбачыць і пачуць, таму пры карыстанні любымі электрапрыборамі і электраабсталяваннем варта быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі. Абавязкова перад выкарыстаннем правярайце электраабсталяванне на цэласнасць карпусоў, стан ізаляцыі, тэхнічны стан электрапрыбораў.
Большасці “электрычных” трагедый чалавека можна было пазбегнуць, калі б электраўстаноўкі былі абаронены прыладай ахоўнага адключэння (ПАА). Гэта камутацыйны апарат для абароны людзей ад паражэння электрычным токам і аховы электрычнай лініі ў выпадку наяўнасці токаў уцечкі. У адрозненне ад аўтаматычнага выключальніка, які абараняе праводку ад кароткага замыкання і значных перагрузак, ПАА спрацоўвае толькі пры ўзнікненні токаў уцечкі звыш усталяванага значэння, дазваляе за долі секунды адключыць небяспечны ўчастак і прадухіліць гэтым паражэнне чалавека электрычным токам ці пазбегнуць пажару.
Валянцін КАСЦЮКЕВІЧ,
інспектар Дзятлаўскай РЭГІ
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga