У рамках сацыяльна-культурнага праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва правёў культурна-пазнавальную экспедыцыю ў вёску Гірычы, дзе адбылося знаёмства з яе старастай Соф’яй Вайчык.
Жанчына падзялілася гісторыяй свайго жыцця, дзіцячымі ўспамінамі аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Нарадзілася Соф’я Міхайлаўна ў 1937 годзе ў вёсцы Гірычы. Сям’я жыла небагата. Працавалі на полі, зараблялі сваімі рукамі невялікія грошы, каб пракарміць сям’ю.
– Добра памятаю сваё дзяцінства – яно было нялёгкім, бацькам шмат дапамагалі па гаспадарцы: пасвілі кароў, кармілі свіней, курэй, качак, індыкоў, а іх было нямала, – успамінае жанчына. – Бывала, я злавалася на маму, бо яна будзіла нас вельмі рана, а так хацелася паспаць даўжэй. Была я вельмі хуткая, жвавая, любіла пагуляць і з хлапчукамі ў футбол, лапту, і ў дзявочыя гульні з сяброўкамі. Але як бы ні было, старалася дапамагаць бацькам.
У дзіцячых успамінах Соф’і Міхайлаўны назаўжды застануцца жудасныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, пра якія яна і сёння расказвае са слязамі на вачах:
– Памятаю той вечар, як усё гэта пачыналася, хоць мне было ўсяго чатыры гады. Мы жылі на хутары. Сядзелі дома, вячэралі і раптам чуем, як нешта гудзе на дарозе. Бачым, едуць і едуць нейкія машыны вялікія. Мы, дзеці, бачылі такія ўпершыню. Спыталі ў таты, а ён нічога нам не адказаў, пайшоў да матулі і гаворыць: “Гэта не нашы танкі”. Ехалі яны цэлую ноч. Раніцай мама пагнала кароў у поле, прыбегла са слязамі і страшнай навіной: “Вайна пачалася”. Не хацелася верыць, але праз некалькі дзён усе гэта адчулі. Самае страшнае, як рвуцца над галовамі снарады. Печ нельга было паліць, бо ўбачаць дым і будуць бамбіць. У час абстрэлаў мама хавала нас у ямы, дзе раней агародніну ссыпалі, а есці як захочам, грызлі сырую бульбу.
Хутка сагналі ўсю нашу вёску, а я ў той час за хлявом забаўлялася, вярнулася ў хату – нікога няма. Плачучы, бегала па вёсцы, шукала людзей, страшна было. Урэшце, некага сустрэла, і мне сказалі бегчы дадому, бо застрэляць. Я вярнулася, пад печ залезла і заснула. Потым расказвалі, што тых вяскоўцаў, у каго што-небудзь пабралі, адпусцілі, астатніх збівалі палкамі. Многія пасля гэтага не вытрывалі, паўміралі.
Як жа мы радаваліся, калі вайна скончылася, вам не перадаць. Толькі мама плакала, бо не было вестак ад таты.
Пасля вайны жыццё пайшло сваім ладам. Соф’я закончыла чатыры класы ў Вензаўцы, а потым перайшла вучыцца ў дзятлаўскую школу № 2. Пасля яе заканчэння пачала працаваць на Парэцкім спіртзаводзе.
З цеплынёй і любоўю расказвае жанчына пра сваю сям’ю. Як і ўсе ў маладосці, любіла з сяброўкамі хадзіць на танцы, дзе і пазнаёмілася з добрым хлопцам Міхаілам. Калі прапанаваў выйсці замуж, нават не раздумвала, бо вельмі пакахала яго. І не прагадала дзяўчына з выбарам: сям’я ў іх атрымалася моцная, дружная, вялікая, у хуткім часе стала папаўняцца дзеткамі. У іх нарадзіліся тры сыны і дачушка, а цяпер ужо радуюць дзевяць унукаў і восем праўнукаў.
– Я моцна люблю сваіх родных і вельмі перажываю за кожнага, – гаворыць Соф’я Вайчык.
Цяпер, калі дзеці павырасталі і раз’ехаліся, яна трымае невялікую гаспадарку: курэй, качак, двух катоў. У яе ёсць цудоўны дагледжаны сад, з задавальненнем займаецца агародам і любіць наводзіць парадак на сваім падворку. А каб не было часу сумаваць на пенсіі, Соф’я Міхайлаўна стала яшчэ і старастай сваёй роднай вёскі.
– Старастай мяне назначылі, напэўна, таму, што ў мяне вельмі настойлівы характар, – мяркуе жанчына.
Да новых абавязкаў яна падыходзіць адказна, стараецца дапамагчы кожнаму аднавяскоўцу, па-гаспадарску клапоціцца пра добраўпарадкаванне родных мясцін.
Напаследак Соф’я Міхайлаўна дала мудрую параду:
– Будзьце справядлівыя, паважайце адзін адного, бо мы не вечныя. А маладому пакаленню жадаю здароўя, цярпення, павагі да бацькоў і мірнага неба над галавой. І няхай зберагае ўсіх Гасподзь.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga