Пад такой назвай у Казлоўшчынскай сярэдняй школе прайшоў занятак Школы Актыўнага Грамадзяніна, на якім з навучэнцамі старэйшых класаў пагаварылі аб значэнні дзейнасці органаў вучнёўскага самакіравання, моладзевага парламента, савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і выслухалі, якія ідэі па развіцці роднага рэгіёна могуць прапанаваць маладыя людзі.
Мадэратарам форуму выступіла педагог установы Іна Альшэўская, у якасці экспертаў былі запрошаны першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і педагог-арганізатар школы Іна Войтка.
Сустрэча складалася з трох тэматычных блокаў. Першы ШАГ запрасіў навучэнцаў да ўдзелу ў віктарыне, у час якой Іна Войтка расказала моладзі аб ролі і асноўных кірунках дзейнасці вучнёўскага самакіравання.
– Гэта сістэма жыццядзейнасці калектыву, якая дапамагае дзецям вучыцца, прымаць рашэнні, дзейнічаць самастойна, узаемадзейнічаць з настаўнікамі і кіраўніцтвам школы, сем’ямі, грамадскімі аб’яднаннямі, іншымі органамі па дасягненні важных адукацыйных і сацыяльных мэтаў, – падкрэсліла значэнне вучнёўскага самакіравання Іна Аляксандраўна.
Прысутныя паглядзелі відэаролік “Моладзевы парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь”, з якога даведаліся, што гэты моладзевы савет прымае ўдзел у стварэнні і змяненні законаў, якія абараняюць правы і інтарэсы беларускай моладзі. Ёсць у органа і іншыя задачы, сярод якіх – прывіваць маладым людзям палітычную культуру, вывучаць праблемы моладзевага асяроддзя, рэалізоўваць дзяржаўную моладзевую палітыку.
Паразважалі ўдзельнікі форуму і аб тым, як праз конкурсы, алімпіяды, супрацоўніцтва з навуковымі арганізацыямі, інфармацыйныя рэсурсы, нацыянальны адукацыйны партал рэалізоўваецца навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў.
Было адзначана, што ў Рэспубліцы Беларусь рэалізацыі права маладых вучоных выступаць з ініцыятывамі і прапановамі па пытаннях іх дзейнасці садзейнічае кансультацыйна-дарадчы орган пры Міністэрстве адукацыі – савет маладых вучоных, які працуе ў нашай краіне з 2020 года і ўключае 41 установу вышэйшай адукацыі. Дарэчы, сярод мерапрыемстваў, якія праводзіць савет, – школа маладога вучонага, дзень навуковай моладзі, прафарыентацыйная работа, а таксама адбор заявак на рэспубліканскі моладзевы праект “100 ідэй для Беларусі”.
Што тычыцца падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі, то яна ажыццяўляецца на вышэйшым дзяржаўным узроўні: з 1996 года па ўказе кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі створаны Спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі, які прадугледжвае выплату стыпендый, прэмій, дапамогаў.
Тэму шырокіх магчымасцяў для навучання і самарэалізацыі беларускай моладзі прадоўжыў ШАГ другі – знаёмства з земляком. Пра свой шлях да поспеху і грамадскай дзейнасці расказала моладзевы лідар раёна Кацярына Хілімончык. Яна прызналася, што ўжо не ўяўляе свайго жыцця без важных сацыяльных праектаў, заўсёды рада падтрымліваць маладое пакаленне пры іх удзеле ў конкурсах, спаборніцтвах, грамадска-палітычным жыцці краіны. Пералічваючы самыя яркія моманты жыцця раённай моладзевай арганізацыі, Кацярына Уладзіміраўна ўзгадала рэспубліканскую перамогу ў 2021 годзе навучэнца Новаяльнянскай сярэдняй школы Аляксандра Баковіча ў праекце ГА “БРСМ” “100 ідэй для Беларусі”, расказала пра шматлікія конкурсы, марафоны, валанцёрскія справы, у якіх паспяхова выступалі маладыя дзятлаўчане.
Трэці ШАГ “Мы дзейнічаем” заклікаў удзельнікаў форуму далучыцца да карысных спраў сваіх беларускіх равеснікаў і самім распрацаваць прапановы для імправізаванага “Дрэва ідэяў і ініцыятыў”. Сярод пажаданняў казлоўшчынскіх школьнікаў прагучала: паўдзельнічаць у акцыі “Рука сябра”, студатрадаўскім руху, валанцёрскіх справах, разнастайных навуковых конкурсах і алімпіядах. Іна Альшэўская пажадала маладым людзям, каб усе іх добрыя памкненні абавязкова спраўдзіліся.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga