Дзятлаўчане — пра форум «Мы адзіныя»

Важнае Грамадства

У Дзень народнага адзінства ў сталічнай Мінск-Арэне прайшоў патрыятычны форум “Калі мы адзіныя”.

Удзел у мерапрыемстве прымалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку дзятлаўчане.

Пасля ўрачыстасці нашы землякі падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы.

Вадзім Бялятка, намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”:

– Дзень народнага адзінства для Беларусі яшчэ “маладое” свята, разам з тым, яно стала такім жа значным для нас, як 9 Мая і Дзень Незалежнасці, бо сімвалізуе кансалідацыю грамадства, суверэнітэт краіны. Радуе, што гэта дата з моманту яе ўстанаўлення ў якасці дзяржаўнага свята шырока адзначаецца беларусамі, у тым ліку праходзяць форумы і дыялогавыя пляцоўкі, дзе ўдзельнікі размаўляюць аб гістарычным значэнні аб’яднання Заходняй і Савецкай Беларусі, развіцці нашай краіны на сучасным этапе. На патрыятычным форуме “Калі мы адзіныя” гэту тэму агучыў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Як заўжды, яго выступленне было глыбокім, грунтоўным, важкім, і кожнае слова адклікалася ў нашых сэрцах. У цэлым, выдатнае мерапрыемства, прыемна ўразілі цудоўныя спецэфекты ў час святочнага шоу. Спадабаліся выступленнні калектываў усіх абласцей, з асаблівай цеплынёй і гонарам мы сачылі за прадстаўнікамі нашай роднай Гродзеншчыны. Даспадобы прыйшлася і “Балада аб дыктатары”, якую першымі пачулі ўдзельнікі форуму.

Алена Васкель, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БСЖ”:

– З маёй намесніцай па жаночай арганізацыі, дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегатам Усебеларускага народнага сходу Таццянай Нікіпорчык мы перш паўдзельнічалі ў рэспубліканскім патрыятычным аўтапрабегу, затым адразу ж прыехалі на форум у Мінск-Арэну. Зазначу, што ў аўтапрабегах я ўдзельнічала і раней, але ў такім маштабным – упершыню. Радуе, што мы выйшлі на рэспубліканскі ўзровень.  Было шмат машын. Здорава, што сабралася столькі патрыётаў, якія любяць сваю Айчыну, што іх аб’ядноўваюць такія даты і мерапрыемствы. Нам таксама прадставілі канцэрт, прычым артыстаў мы бачылі з вельмі блізкай адлегласці, а вось на патрыятычным форуме “Калі мы адзіныя” для гледачоў падрыхтавалі маштабнае шоу з вельмі якаснымі спецэфектамі і кранальнымі выступленнямі, дзе мы пабачылі прадстаўнікоў усіх абласцей. Было ганарова на рэспубліканскай сцэне вітаць артыстаў Гродзеншчыны, якая славіцца сваім аб’ядноўваючым фестывалем нацыянальных культур.

Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”:

– Згодна са словамі Прэзідэнта, што Дзень народнага адзінства сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, сілу духу беларускага народа, яго імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі. Прыемна ўжо не першы раз прымаць удзел у такім маштабным патрыятычным форуме, які праходзіць у Мінску 17 верасня. Падобныя сустрэчы сапраўды матывуюць, аб’ядноўваюць, паказваюць, наколькі таленавітыя, цікавыя, крэатыўныя беларусы, яскрава сведчаць, што наш народ міралюбівы, працавіты, сумленны, беражліва захоўвае нацыянальную культуру і традыцыі і ў той жа час упэўнена адстойвае свае інтарэсы, правы, годнасць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga