Асенне-палявыя работы; бяспека ў палях, домаўладаннях, на прадпрыемствах; пацярпелыя ад кіберзлачынцаў; грамадска-патрыятычныя мерапрыемствы – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Сяўба азімых і корманарыхтоўка
Восеньскія сельскагаспадарчыя работы ў аналітычным ракурсе “разбіралі” на абласной, а пасля і на раённай нарадах.
Гатоўнасць гаспадарак да пасяўной сёння высокая. Забяспечанасць сельгастэхнікай для правядзення работ ёсць: плугоў у аграрыяў раёна 65, дыскавых барон, дыскатараў – 18, камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 20, зерневых сеялак – 6, пасяўных агрэгатаў – 28. Як адзначалася, важна, каб механізатары працавалі “без збояў”, паколькі адначасова ідзе ворыва, сяўба азімых культур, уборка кукурузы і іншае.
Асобным пунктам разгледзелі забяспечанасць сельгаспрадпрыемстваў кандыцыйным насеннем.
– Сяўба азімых культур увайшла ў актыўную фазу, вядзецца толькі правераным інспекцыяй насеннем. Са спазненнем прайшла праверка яго якасці ў КСУП “Жукоўшчына”, што прывяло да замаруджання тэмпу палявых работ, – заўважыў Андрэй Садоўскі і абазначыў нізкі кантроль з боку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама за тэхналагічнымі працэсамі работы ў аграпрамысловым комплексе як у канкрэтным выпадку, так і ўвогуле.
Дарэчы, усяго па раёне запланавана пасеяць 11 950 гектараў азімых, на раніцу 9 верасня было пасеяна 1209 гектараў (10 %) плошчаў ад запланаванага. Афіцыйны тэрмін завяршэння работ – 1 кастрычніка.
Прадаўжаецца нарыхтоўка травяных кармоў. Па даных на 7 верасня, 114 014 тон нарыхтавана сенажу (126 % да ўзроўню 2023 года), 24 462 тоны сіласу (+ 16 % да задання бягучага года), на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 18,6 цэнтнера кармавых адзінак – на 5,2 больш за леташні паказчык. Лічбы актыўна мяняюцца штодня.
Кіраўнік раёна звярнуў увагу на кантроль кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў за якасцю кармоў, якія закладваюцца ў сянажна-сіласныя траншэі. Дарэчы, сёлета ўжо ўведзена ў эксплуатацыю адна новая траншэя, яшчэ тры будуць дабудаваны да канца года.
Тэма жывёлагадоўлі з крытыкай гучала на прыкладзе фермы “Васявічы” ААТ “Дварэц-Агра”. Як адзначыў Андрэй Садоўскі, дагледжана сама ферма, а вось тэхналогія харчавання і догляду жывёлы тут парушана. Адсутнасць кантролю з боку адказных асоб і кіраўніцтва адбіваецца на ўсім працэсе вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі гаспадаркі. Зніжэнне надояў, “слабое” асемяненне – адпаведна падзенне даходаў прадпрыемства, недазагружаныя магутнасці сыраробнага завода, нізкая заработная плата працаўнікоў.
– Усё пачынаецца з кіраўніка – і працоўная дысцыпліна, і кантроль якасці выконваемых работ, і зацікаўленасць работнікаў, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч. – Раённыя селекцыйна-племянны цэнтр жывёлагадоўлі і ветэрынарная станцыя таксама не павінны стаяць убаку. І яны адказныя за кожнага чалавека, які працуе на ферме.
Пажарнае прыкрыццё пакуль не знімаць
Старшыня райвыканкама паставіў задачу ратаўнікам прадоўжыць супрацьпажарны кантроль у час палявых работ. Тэхнікі задзейнічана сельгаспрадпрыемствамі шмат, што патрабуе арганізацыі бяспечных умоваў працы.
У сваю чаргу начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык паведаміў прысутным аб правядзенні 26 верасня рэспубліканскага адзінага дня бяспекі. Мэта мерапрыемстваў адзінага дня – фарміраванне ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з моладдзю і прапаганда бяспечных умоваў жыцця для насельніцтва. На прадпрыемствах і ў арганізацыях Дзятлаўшчыны ратаўнікі правядуць інструктажы і тэарэтычныя заняткі па супрацьпажарнай бяспецы, адпрацуюць навыкі практычнага прымянення сродкаў пярвічнага пажаратушэння. Паколькі ахапіць у адзін дзень усе прадпрыемствы раёна супрацоўнікі аддзела не змогуць, Сяргей Сяргеевіч звярнуўся да кіраўнікоў з просьбай арганізацыі ў сваіх калектывах профільнага навучання работнікаў згодна з дапаможнымі матэрыяламі, якія прадастаўлены ім РАНС па электроннай пошце.
Вярнуць туды, адкуль прыйшлі
На жаль, статыстычныя даныя, прадастаўленыя аддзелам унутраных спраў райвыканкама, паказваюць, што многія грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем і нідзе не працуюць, пасля часовага знаходжання ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, прыйшоўшы дадому ў звыклую абстаноўку, хутка вяртаюцца да былых звычак.
На нарадзе адказнымі службамі было адзначана, што “цярпець” такія паводзіны няма чаго – аператыўна рыхтаваць дакументы па іх і адпраўляць зноў у ЛПП.
Дарэчы, на бягучым тыдні чарговая партыя з трох дзятлаўскіх аматараў алкагольных напояў і дармаедства паедзе прымусова лячыцца і працаваць.
На асабістым кантролі праваахоўнікаў знаходзяцца і грамадзяне, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.
Нясумны верасень
Насычаны культурна-масавымі, грамадска-палітычнымі мерапрыемствамі бягучы месяц. Некаторыя абмеркавалі на нарадзе.
У чацвер на гэтым тыдні плануецца адкрыццё ў вёсцы Малдавічы музея пад назвай “Дом брыгадзіра”.
Дэлегацыя Дзятлаўскага раёна прыме ўдзел у грамадска-палітычным марафоне “17 граняў адзінства”, ініцыяваным грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”, у рамках якога будуць працаваць дыялогавыя пляцоўкі на тэму “Адзінства ў мінулым актуальна ў сучаснасці”. Размова пойдзе аб важнасці прысутнасці нацыянальнага лідара ў моцнай дзяржаве, развіцці грамадзянскай супольнасці ў сучасных умовах.
Народны школьны музей “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук трапіў у лік чатырох школ вобласці, на базе якіх тэлеканал “Беларусь 3” правядзе здымкі фільма, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці з тэлебачання завітаюць гэтымі днямі.
“Вярстаецца” праграма раённых мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства. Плануецца не толькі святочны канцэрт, але і лёгкаатлетычная эстафета “Міля Жалабоўскага”.
Праект дзятлаўскай пляцоўкі абласнога свята “Дажынкі-2024”, якое пройдзе ў горадзе Масты, распрацоўваецца ўсімі зацікаўленымі службамі. Асноўны акцэнт будзе зроблены на станоўчай практыцы КСУП “Хвінявічы” ў авечкагадоўлі і развядзенні трусоў.
Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго дадаў, што на бягучым тыдні Віцебскі спецыялізаваны асобны пошукавы батальён № 52 пачне работы па пошуку мірнага насельніцтва, загінулага ад рук фашысцкіх акупантаў у пасёлку Казлоўшчына. Згодна з Актам злачынстваў, аформленым камісіяй Казлоўшчынскага раёна 6 лютага 1945 года, у садзе, размешчаным насупраць будынка былой нямецкай камендатуры, былі пахаваны 654 чалавекі.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga