Бацькам на заметку. Зацішша перад бурай

Грамадства Свежыя навіны

З 10 верасня па 10 кастрычніка на Дзятлаўшчыне праходзіць месячнік “Твой выбар – тваё жыццё”, скіраваны на папярэджанне суіцыдальных паводзінаў падлеткаў.

Арганізатары мерапрыемства заклікаюць бацькоў, педагогаў і ўсіх, хто працуе з дзецьмі, далучыцца да мерапрыемства для падтрымання псіхічнага здароўя і дабрабыту непаўналетніх.

Больш падрабязна пра тое, што павінны ведаць дарослыя, каб своечасова заўважыць праблему і папярэдзіць бяду, расказаў педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ілья Касцюк:

– Праблема суіцыду сярод падлеткаў – гэта не табу, пра якое трэба маўчаць, а рэальнасць, з якой сутыкаюцца некаторыя сем’і і грамадства ў цэлым. У сучасным свеце непаўналетнія перажываюць вялікую колькасць стрэсавых сітуацый: вучоба, сацыяльныя сеткі, праблемы ў сям’і, складанасці ў стасунках. Часам гэтыя цяжкасці становяцца непад’ёмнымі, вымушаючы маладых людзей адчуваць сябе безнадзейнымі, у бязвыхаднай сітуацыі.

Суіцыд – гэта не вырашэнне праблемы, а трагічная яе кульмінацыя. Найчасцей за спробай суіцыду стаяць незаўважныя для навакольных пакуты, дэпрэсія, трывожнасць, адчуванне адзіноты, безвыходнасць і непаразуменні. Важна разумець, што кожнае жыццё каштоўнае і дапамога заўсёды ёсць.

Што трэба ведаць бацькам і іншым дарослым пра суіцыдальныя паводзіны непаўналетніх?

– Першае і галоўнае, што гэта не проста капрызы. Думкі пра самагубства – сур’ёзны крык аб дапамозе, калі чалавек мае патрэбу ў тэрміновай увазе. Даступна і зразумела трэба патлумачыць яму, што самагубства – гэта не рашэнне, што нават у самы складаны момант ёсць выхад, што праблему заўжды можна вырашыць, звярнуўшыся па дапамогу.

Па-другое, заўсёды трэба памятаць, што гаварыць неабходна адкрыта: не бойцеся абмяркоўваць з падлеткам яго пачуцці, пакажыце, што вы гатовы выслухаць, падтрымаць і дапамагчы знайсці рашэнне.

– Як распазнаць трывожныя сігналы?

– Звычайна мяняюцца паводзіны дзіцяці: звычкі сну, харчавання, праяўлення агрэсіі ці дэпрэсіі, зніжаецца паспяховасць, непаўналетні замыкаецца ў сабе, губляе інтарэсы і хобі. Пры гэтым для дзіцяці характэрны размовы пра смерць, частае ўпамінанне смерці, суіцыду, развітання з жыццём. Можна назіраць і развітальныя дзеянні: раздачу асабістых рэчаў, напісанне развітальных пісьмаў. Непаўналетні цікавіцца інфармацыяй аб самагубстве: чытае сайты, праглядвае відэа.

– Што рабіць, калі такія трывожныя сігналы ўжо праяўляюцца?

– Самае галоўнае, іх нельга ігнараваць: трэба пастарацца даведацца, што непакоіць дзіця, стварыць для непаўналетняга бяспечную абстаноўку, паказаць, што вы на яго баку, гатовы выслухаць, не асуджаць, дапамагчы. Не заставайцеся раўнадушнымі, прызнайце пачуцці дзіцяці, запэўніце яго, што яно не адзінокае, і ёсць магчымасць выйсці з гэтай сітуацыі.

Памятайце, што кожнае дзіця заслугоўвае любові, падтрымкі і разумення. Не бойцеся гаварыць з падлеткамі аб суіцыдзе, праявіце спачуванне і гатоўнасць дапамагчы. Не забывайце па прафесійную дапамогу звярнуцца да спецыялістаў – псіхолага або псіхіятра.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga