Аграрыі Дзятлаўшчыны паспяхова ўбралі першы хлеб, надышла чарга другога.
Бульбу вырошчваюць тры гаспадаркі раёна – ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына” і “Хвінявічы”. Уборка вядзецца згодна з графікам, у ёй задзейнічаны як чалавечы рэсурс, так і тэхніка.
Адпраўляемся на бульбяны палетак каля вёскі Нагародавічы, дзе працуюць бульбаўборачны камбайн і трактар КСУП “Жукоўшчына”, а таксама работнікі гаспадаркі, якія ачышчаюць бульбу ад камення і кантралююць працэс.
– Сёлета ў гаспадарцы пасаджана 45 гектараў бульбы (менш чым у мінулым годзе) на трох палетках каля вёсак Нагародавічы, Краглі і Погіры, – расказвае намеснік дырэктара Віктар Пастарняк. – На гэтым участку больш за палову ўжо ўбралі. Працэс ідзе добрымі тэмпамі, плануем завяршыць работы ў аптымальны тэрмін.
– Жукоўшчына заўжды славілася агароднінай і садавіной. Ці багаты новы ўраджай?
– Сёлета надвор’е спрыяе аграрыям. Мы ўжо паспелі ўбраць 3 гектары сталовых буракоў. Прадаўжаецца збор яблыкаў у пладовым садзе на плошчы 20 гектараў, застанецца сабраць 3 гектары морквы.
– Куды рэалізуеце прадукцыю?
– Будзем рэалізоўваць ураджай праз гандлёвую сетку і раённыя кірмашы. Таксама заключаны дагаворы з навучальнымі ўстановамі раёна, каб дзеці атрымлівалі мясцовыя вітаміны і мінералы.
Дарэчы, школьнікі разам з педагогамі самі актыўна ўдзельнічаюць у нарыхтоўцы новага ўраджаю: студатрад Гезгалаўскай сярэдняй школы капае бульбу каля вёскі Погіры, у хуткім часе да іх далучацца навучэнцы іншых школ раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga