У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы – новы кіраўнік

Важнае Грамадства

У раённым выканаўчым камітэце адбыўся сход супрацоўнікаў Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы з удзелам начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Алега Пятрышчы, сілавых службаў раёна.

У афіцыйнай абстаноўцы Алег Вячаслававіч прадставіў калегам іх новага начальніка Дзяніса Грынцэвіча.

Ён павіншаваў маладога кіраўніка з высокай пасадай, пажадаў яму плёну ў працы, годна выконваць ускладзеныя на яго абавязкі і службовыя задачы і не зніжаць тую высокую планку, якая дасягнута раённым аддзелам аховы. Таксама ён падзякаваў калектыву за выніковую работу, праяўленне інавацыйных падыходаў і выказаў спадзяванне, што яны прымуць Дзяніса Валянцінавіча і будуць разам зладжана працаваць.

Нарадзіўся Дзяніс Грынцэвіч 16 сакавіка 1993 года ў вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна. У 2013 годзе скончыў Гуманітарны каледж УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы”, а ў 2020 годзе ў гэтым універсітэце атрымаў спецыяльнасць “правазнаўства”. З 2013 года працаваў у Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы на пасадах міліцыянера ўзвода, міліцыянера-вадзіцеля групы затрымання ўзвода міліцыі, камандзіра ўзвода міліцыі. З 2020 года ў горадзе Гродне займаў пасаду камандзіра ўзвода батальёна міліцыі Ленінскага аддзела Дэпартамента аховы, з 2022 года – старшага інспектара аддзела міліцэйскай, ваенізаванай і вартавой аховы Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы.

З 28 жніўня 2024 года назначаны на пасаду начальніка Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga