Пазбягайце воднай небяспекі

Важнае Здарэнні і бяспека

Адна з праблем у час купання – гэта пачуццё меры, якое многія губляюць, забываючы, што доўгае знаходжанне ў вадзе прыводзіць да пераахаладжэння арганізма.

Калі вы адчулі дрыжыкі, трэба неадкладна выйсці на бераг і зрабіць кароткую, але энергічную прабежку. Працягласць купання залежыць ад тэмпературы паветра і вады, сілы ветру.Не нырайце з разбегу, заходзьце ў ваду паступова, каб даць целу прывыкнуць да перападу тэмператур і пазбегнуць спазмаў крывяносных сасудаў. Акрамя гэтага, лепш за ўсё купацца праз паўтары гадзіны пасля ежы.

Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду ў час навальніцы. Робячы далёкія заплывы, эканомна расходуйце сілы, час ад часу адпачывайце. Не адплывайце далёка ад берага на надзіманых матрацах і кругах. Калі плаваеце дрэнна, трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дакрануцца да дна нагамі.

Даволі частае “здарэнне” ў вадзе – сутарга. Калі вы адчулі, што звяло нагу, зрабіце глыбокі ўдых і акуніцеся пад ваду з галавой, ухапіце рукой вялікі палец і моцна цягніце ступню на сябе, пакуль нага не выпрастаецца цалкам. Пасля гэтага адразу ж плывіце да берага.

Яшчэ адна “водная небяспека” – вір. У такім разе варта набраць пабольш паветра ў лёгкія, пагрузіцца ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок цячэння, усплыць на паверхню.

Перашкодзіць купанню могуць таксама зараснікі водарасцяў. Заблытацца ў іх непрыемна, аднак зладзіць з раслінамі не так ужо і складана. Трымаючыся на плаву, спакойна падцягніце ногі пад сябе і асцярожна вызваліцеся ад іх.

Праводзячы час каля вады, да любых нечаканасцяў трэба быць гатовым як фізічна, так і псіхалагічна. І тут важна навучыцца кантраляваць сябе ў непрадбачаных абставінах, не дазваляць страху авалодаць сабой.

Сяргей ШПАКОЎСКІ,
старшыня раённай арганізацыі АСВОД
Алена ДЗІСЬКО,
інспектар Дзятлаўскага РАНС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga