Камфорт, утульнасць, добразычлівая атмасфера

Важнае Грамадства

На Гродзеншчыне праходзіць штогадовы абласны агляд-конкурс сярод аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльных Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вобласці.

Мерапрыемства ладзіцца з ініцыятывы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама і сёлета арганізавана пад знакам Года якасці.

Пажылы ўзрост – восень чалавечага жыцця, важна, каб гэты час быў максімальна камфортным для людзей, каб яны адчувалі клопат і ўвагу. Конкурснае журы ацэньвае ўмовы пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў, санітарны стан памяшканняў, захаванне нормаў бяспекі ва ўстановах, добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглых тэрыторый, наяўнасць малых архітэктурных формаў, стварэнне безбар’ернага асяроддзя, прыцягненне да супрацоўніцтва ў час культурна-масавых мерапрыемстваў валанцёраў. Заадно гэта выдатная магчымасць для кіруючых спецыялістаў сацыяльнай сферы падзяліцца лепшым вопытам і пераняць яго ў калег.

На Дзятлаўшчыне, у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына, дэлегацыю гасцей на чале са старшынёй камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольгай Сядзельнік віталі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель.

Вадзім Бялятка расказаў, што аддзяленне знаходзіцца на другім паверсе Казлоўшчынскай гарпасялковай бальніцы – структурнага падраздзялення Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для пажылых людзей і інвалідаў, ёсць магчымасць уважлівага медыцынскага суправаджэння.

Вольга Сядзельнік падзякавала кіраўнікам раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, “БСЖ”, прафсаюзнага аб’яднання за актыўны ўдзел у акцыі “Ад усёй душы” і падтрымку пажылых людзей.

– Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына было адкрыта ў 2008 годзе, – расказала прысутным дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык. – Цяпер тут жывуць 25 грамадзян гэтых катэгорый ва ўзросце ад 47 да 106 гадоў. Мы арандуем чвэрць будынка гарпасялковай бальніцы, і стравы для нашых насельнікаў гатуе бальнічны харчблок. Самі займаемся добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі і клумбаў, для насельнікаў створаны камфортныя зоны адпачынку, у мінулым годзе была набыта альтанка, яшчэ 30 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту выдзелены на абнаўленне мэблі, шафаў, ложкаў, у гэтым годзе набыты ЖК-тэлевізар. Увогуле, адчуваем істотную падтрымку раённай выканаўчай улады, скіраваную на паляпшэнне ўмоваў жыцця насельнікаў. Дзякуючы спонсарскай дапамозе дабрачыннай арганізацыі “Сафія”, у аддзяленні з’явіліся дзве пральныя і сушыльная машына, што дазволіла самастойна спраўляцца з мыццём бялізны, эканоміць істотныя грашовыя сродкі.

Ва ўстанове працуе зладжаны добразычлівы калектыў, пакуль яшчэ няма загадчыка.

Таццяна Сямёнаўна правяла гасцей па ўтульных калідорах, паказала фае, кабінеты і жылыя пакоі, расказала аб дабрачынных акцыях і мерапрыемствах, якія дапамагаюць разнастаіць, зрабіць больш дамашнім і цёплым жыццё пажылых грамадзян і інвалідаў. Яна адзначыла, што, акрамя падтрымкі райвыканкама, установа не абдзелена ўвагай з боку прафсаюзных і грамадскіх аб’яднанняў, сярод спонсараў – мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы, у тым ліку прыватнай формы ўласнасці, такія як ТАА “Панэкспа” (кіраўнік Павел Сазон).

Прылеглая тэрыторыя і жылы корпус Казлоўшчынскага аддзялення пакінулі прыемныя ўражанні. Застаецца спадзявацца, што намаганні работнікаў сацыяльнай сферы нашага раёна будуць дастойна ацэнены.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: