ГрадусПлюс. Адпачынак па-свінску

Важнае Грамадства

Цёплае надвор’е, маляўнічая прырода, дагледжаныя лакацыі і нават спецыяльныя туры ад турыстычнага інфармацыйнага цэнтра – усё гэтым летам спрыяе выдатнаму адпачынку на Дзятлаўшчыне.

Аднак і тут некаторыя ўмудраюцца “вызначыцца”: атрымліваючы асалоду ад баўлення часу на прыродзе, пакідаюць пасля сябе сапраўдныя сметнікі ў папулярных месцах па-за берагах рэк.

На гэтыя факты звяртаюць увагу не толькі адказныя службы, а і звычайныя турысты, якія замест прыемнага месца на прыродзе знаходзяць рэшткі чалавечай жыццядзейнасці. Аб такім выпадку расказала падпісчыца канала dyatlovobelarus у Instagram:

– Добры дзень! Знаходжуся ў Дзятлаве ў водпуску, ездзілі неаднаразова адпачываць на бераг ракі Моўчадзь. Месца прыгожае, але выгляд псавалі кучы смецця. Няўжо людзям так складана прыбіраць за сабой?

І сапраўды, няўжо вялікі клопат узяць на адпачынак пакеты для смецця і ўсё ўтылізаваць або не вывозіць наўмысна бытавое смецце туды, дзе ўсе адпачываюць? Тут пытанне выхавання, сумлення або павагі да землякоў – па ўсіх пунктах вялікі мінус.

Спадзяванне застаецца толькі на фотапасткі, якія “курсіруюць” па лясным масіве, і тое, што аднойчы такія парушальнікі парадку патрапяцца на вочы інспектарам і будуць справядліва пакараны.

Бывае і такое, што забруджванне навакольнага асяроддзя набывае ўнушальныя маштабы. Так, у час чарговага рэйда спецыялісты інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выявілі на беразе Моўчадзі не толькі смецце і поліэтылен, але нават пакрышкі ад аўтамабіля! Адпаведнае прадпісанне было накіравана на адрас Дзятлаўскага лясгаса для далейшага высвятлення сітуацыі.

Аб тым, што чакае аматараў забруджваць прыроду, расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:

– Ацэнка такіх дзеянняў, як пакіданне смецця на прыбярэжнай тэрыторыі, даецца ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Згодна з часткай 3 артыкула 16.44 за гэта без папярэджання прадугледжаны штраф да 30 базавых велічыняў для фізічных асоб, да 1000 базавых – для юрыдычных.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga