Энерганагляд інфармуе. Асцярожнасць лішняй не бывае

Важнае Здарэнні і бяспека

Ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы, у акружэнні звыклых рэчаў мы часам легкадумна забываем аб выкананні правілаў бяспекі.

Наступствы няправільнага або неасцярожнага абыходжання з электрапрыборамі могуць быць трагічнымі.

Прычыны няшчасных выпадкаў з электрычнасцю ў быце застаюцца практычна нязменнымі на працягу дзесяцігоддзяў – гэта парушэнне правілаў эксплуатацыі або выкарыстанне няспраўных электрапрыбораў, спробы самастойнай разборкі і рамонту іх, неасцярожнасць і няўважлівасць пры абыходжанні з электрычнасцю.

Так, жыхарка горада Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна, 1996 года нараджэння, сабралася прыняць ванну разам з двухгадовай дачкой. Жанчына падключыла смартфон праз зарадную прыладу ў электрычную сетку з дапамогай падаўжальніка, размясціўшы яго на пральнай машыне. На тэлефон паступіў званок ад мужа, але ў час размовы з ім гутарка рэзка абарвалася. Пазней мужчына, які прыехаў дадому, знайшоў жонку ў ваннай без прытомнасці. У вадзе ляжаў мабільны тэлефон з падключанай зараднай прыладай. Побач знаходзілася дзіця. Мужчына адключыў падаўжальнік ад электрычнай сеткі, дастаў з вады дачку і жонку, выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі, якія прыбылі на месца, канстатавалі смерць жанчыны, у дзіцяці выявілі электратраўмы, яно засталося жывым.

У вёсцы Яглевічы Івацэвіцкага раёна вясковец, 1982 года нараджэння, атрымаў апёкі 2-й ступені кісцяў рук, твару і ступні ў час рыбнай лоўлі паблізу лініі электраперадачы, дакрануўшыся да яе вудай.

У вёсцы Такарышкі Іўеўскага раёна мужчына, 1970 года нараджэння, праводзіў рамонт самаробнага падаўжальніка, прызначанага для падключэння бытавых электрычных прыбораў,  без адключэння ад сеткі электразабеспячэння. У выніку атрымаў смяротнае паражэнне токам.

Паважаныя грамадзяне, памятайце: выкарыстанне пашкоджаных або няспраўных электрапрыбораў, электраабсталявання і электраправодкі забаронена.

Вячаслаў КЕЦЬ,
начальнік Дзятлаўскай РЭГІ
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga