Дзеці, можам ехаць!

Важнае Здарэнні і бяспека

З такімі словамі сустрэнуць у новым навучальным годзе вучняў школ і выхаванцаў дзіцячых садкоў вадзіцелі аўтобусаў, якія падвозяць іх ва ўстановы адукацыі Дзятлава і раёна.

Комплексную праверку гэтых транспартных сродкаў, якія належаць Дзятлаўскаму раённаму цэнтру па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, правялі супрацоўнікі міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з прадстаўнікамі Транспартнай інспекцыі.

Перад тым як правяраць аўтобусы, дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Андрэй Іскра нагадаў вадзіцелям асноўныя правілы дарожнага руху:

– Неабходна ўключаць маячкі перад пасадкай-высадкай пасажыраў у строга адведзеных месцах, прышпіляць рэмень бяспекі ізвяртаць увагу, каб былі прышпіленыя рамянямі дзеці, выконваць хуткасны рэжым, у час руху не размаўляць па тэлефоне. Памятайце, што за парушэнне правілаў абгону, перавышэнне хуткасці, дарожна-транспартныя здарэнні, кіраванне ў нецвярозым стане могуць пазбавіць вадзіцельскага пасведчання.

Вадзіцелі паскардзіліся, што існуюць праблемы з прыпынкамі каля навучальных устаноў, якія часта бываюць занятыя іншымі аўтамабілямі і перашкаджаюць руху аўтобусаў. Андрэй Анатольевіч паабяцаў разабрацца з гэтым і парэкамендаваў па любых спрэчных пытаннях звяртацца на нумар 102.

У час праверкі транспарту асаблівую ўвагу спецыялісты звярталі на тэхнічны стан аўтобусаў, наяўнасць у іх рамянёў бяспекі, вогнетушыцеляў і аптэчкі з няскончаным тэрмінам прыдатнасці, страхоўкі і пройдзенага тэхагляду. Кожны транспартны сродак павінен быць пазначаны таблічкай “Дзеці”. Цікавілі правяраючых допускі вадзіцеляў да кіравання, адпаведнасць катэгорыі і ці пройдзена навучанне.

Нязначныя недахопы, выяўленыя ў ходзе маніторынгу, адразу ж былі ліквідаваны. Усе дзесяць аўтобусаў дапушчаны да перавозу дзяцей.

Акрамя тэхнічнага стану транспартных сродкаў, супрацоўнікі ДАІ праверылі, наколькі добра вадзіцелі памятаюць правілы дарожнага руху. У Дзятлаўскім ДТСААФ яны ўсе прадэманстравалі свае веды, адказаўшы на дзесяць пытанняў кожны.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga