Мікалай Гародка: “Паспяхова канкурыруем з прыватнымі гандлёвымі сеткамі”

Важнае Грамадства

Сёлетняе прафесійнае свята Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сустракае ў пашыраным саставе: у ходзе рэарганізацыі структурнае падраздзяленне пашырылася Навагрудскім вытворчым участкам.

Нязменным застаўся прынцып кааператараў –  працаваць для людзей. Аб дасягненнях, клопатах і планах філіяла расказаў яго дырэктар Мікалай Гародка:

– Дзякуючы зладжанай рабоце працоўнага калектыву Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства стабільна ідзе вызначаным курсам. Па выніках паўгоддзя мы выканалі ўсе даведзеныя аб’ёмныя паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Тэмп росту вытворчасці працы ў супастаўных цэнах склаў 122,8 %, рост рэальнай заработнай платы – 119,4 %. Палепшылася сітуацыя з кадрамі.

– Вы амаль адзіныя, хто ахоплівае гандлёвым абслугоўваннем кожнага дзятлаўчаніна нават у самых аддаленых куточках раёна. Ці задаволены землякі работай аўтамагазінаў?

– Аўтамагазіны на Дзятлаўшчыне наведваюць сельскіх жыхароў тры разы на тыдзень, гэта лічба не будзе змяншацца і ў далейшым. Нараканняў на іх работу практычна няма, часцей атрымліваем просьбы ад пажылога насельніцтва дадаць прыпынак у маршруце па канкрэтным адрасе, ідзём насустрач, калі сапраўды ёсць неабходнасць. Так ці інакш на функцыянаванне аўтамагазінаў уплываюць асабістыя ўзаемаадносіны: мясцовае насельніцтва прывыкае не толькі да іх рэжыму работы, але і да “сваіх” вадзіцеля, прадаўца, якіх не хоча мяняць. Сёлета атрымалі новы аўтамагазін, у планах на наступны год з’яўленне яшчэ аднаго. Увесь транспарт абсталяваны халадзільнікамі, што дазваляе нам дастаўляць вяскоўцам поўны пералік харчовых тавараў. Таксама па заяўках можам даставіць любыя прамысловыя тавары, якія ёсць у гандлёвай сетцы раёна. Працуем для людзей, часта не гледзячы на фінансавы бок справы.

– Як атрымліваецца канкурыраваць з прыватным гандлем?

– Тавараабарот у раёне паступова зніжаецца з-за памяншэння колькасці сельскага насельніцтва. Калі ў пачатку 2014-15-х гадоў з прыходам буйных гандлёвых сетак удзельная вага тавараабароту зменшылася, то сёння ў горадзе і пасёлках застаецца прыкладна на адным узроўні. Паспяхова канкурыруем з імі: нашы пакупнікі застаюцца вернымі свайму выбару. Мы “бяром” якасцю і надзейнасцю: толькі ў нашым магазіне “Родны Кут” ёсць фірменная секцыя Гродзенскага мясакамбіната, выбар харчовых тавараў прадстаўлены таварамі буйных беларускіх камбінатаў. Па асартыменце, брэндах вытворцаў мясной прадукцыі і паўфабрыкатаў мы лепшыя ў раёне. Упэўнены, што нават суседства з папулярнымі прыватнымі гандлёвымі аб’ектамі (як, напрыклад, магазін “Fix Price” ў будынку гандлёвага цэнтра “Родны Кут”) толькі павысіць наш тавараабарот за кошт прытоку людзей.

– Як зарэкамендавала сябе адкрыццё ў Дзятлаве фірменных секцый “Марк Фармэль” і “Контэ”?

– Такія тавары карыстаюцца попытам як у мясцовага насельніцтва, так і ў гасцей раёна, якія жадаюць прывезці з Беларусі такі “сувенір”. У нашых магазінах прадстаўлены добры асартымент тавараў, заканамерна тавараабарот па такіх гандлёвых аб’ектах высокі.

– Ці паўплывала санкцыйная палітыка замежных дзяржаў на работу ў сферы нарыхтовак, як спраўляецеся з гэтай сітуацыяй?

– Найперш гэта закранула сферу нарыхтовак дзікарослай прадукцыі – ягад і грыбоў. Калі раней мы рэалізоўвалі ў Еўрасаюз каля 100 тон, сёння аптовых паставак за межы краіны (акрамя Расійскай Федэрацыі) практычна няма, сканцэнтраваліся на задавальненне попыту нашых перапрацоўчых камбінатаў і насычэнні рознічнай гандлёвай сеткі. Заўважу, што ў нашых магазінах пастаянна вялікі выбар сезоннай (і не толькі) садавіны і агародніны па лаяльных цэнах.

 

– Як працуюць прамысловасць і грамадскае харчаванне?

– Флагманам у прамысловай сферы застаецца наш хлебны цэх – актуальнае, канкурэнтаздольнае прадпрыемства. Пашыраем лінейку прадукцыі, пастаянна працуем над павышэннем якасці, укараняем нешта новае. За апошні год мы пашырылі геаграфію рэалізацыі дзятлаўскага хлеба Лідскім і Іўеўскім раёнамі, на сёння пастаўляем хлеб і хлебабулачныя вырабы ў 7 раёнаў вобласці. Нягледзячы на тое, што грамадскае харчаванне – непрыбытковая сфера, у раёне мы ў ёй манапалісты, за невялікім выключэннем. Працуем у штатным рэжыме, выконваем прагнозныя паказчыкі, пакрыху прырастаем, што ўжо з’яўляецца поспехам.

– Наколькі пашырылася ваша падраздзяленне з далучэннем Навагрудскага ўчастка?

– У філіяле дадалося 42 магазіны, 3 кафэ, мясны, кандытарскі цэх грамадскага харчавання, база нарыхтовак з вялікімі складамі, якія на 80 % не эксплуатаваліся, аўтакалона з аўтапаркам на больш за 20 аўтамабіляў, 8 аўталавак для сямі маршрутаў па Навагрудскім раёне (у нашым раёне на маршрутах працуюць 8 аўтамагазінаў і дзявяты запасны). Наперадзе – шмат актыўнай работы, якая, спадзяёмся, дасць належны плён.

 

 

– Мікалай Віктаравіч, што пажадаеце калегам з двух раёнаў з нагоды свята?

– Хачу падзякаваць за работу і павіншаваць вялікі дружны калектыў Дзятлаўскага філіяла з прафесійным святам, падзякаваць ветэранам галіны, якіх мы не забываем і на заслужаным адпачынку. Помніце, што няма невырашальных сітуацый. Мэтанакіраванасць, цярпенне і шчырая праца – тры кіты, на якіх стаіць поспех у любой справе. Жадаю ўсім моцнага здароўя, аптымізму, дасягненне пастаўленых мэтаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga