Абаяльнасць, пяшчота і… вытрымка

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

На першы погляд здаецца, што гэта толькі мужчынская работа – ратаваць чалавечыя жыцці пры пажары, аварыі, катастрофе, няшчасным выпадку. Але аказваецца, што нават у такой складанай і небяспечнай сферы ёсць месца для прадстаўніц слабога полу. Напрыклад, ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі ёсць спецыяльнасці, куды могуць паступіць і дзяўчаты.

На факультэце тэхнасфернай бяспекі сярод нешматлікіх курсантак вучыцца Марта Рудзік з аграгарадка Гезгалы. Што падштурхнула яе адмовіцца ад магчымасці кожны дзень мяняць уборы, як многія дзяўчаты, змяніць жаночую эмацыйнасць на цвёрдасць духу і аказацца паўнавартаснай часткай мужчынскага калектыву?

Я з дзяцінства марыла насіць форму, мець сур’ёзную і адказную прафесію, і да сваёй мэты ішла ўпарта, – падзялілася Марта. Яе не палохалі боты, пастраенні, зарадка, жыццё па строгім рэжыме і поўная гатоўнасць да любых выпрабаванняў, бо навучанне і праца ў ваенізаванай структуры для яе – стыхія.

Факультэт, дзе вучыцца Марта, рыхтуе спецыялістаў, якія валодаюць неабходнымі тэарэтычнымі і практычнымі ведамі, уменнямі і навыкамі ў сферы пажарнай і прамысловай бяспекі, высокай агульнай культурай і неабходнымі маральнымі якасцямі. Акрамя вывучэння неабходных дысцыплін, курсанты займаюцца аварыйна-выратавальнай падрыхтоўкай, пажарным спортам. Для дзяўчат, напрыклад, гэта вельмі незвычайны прадмет, дзе патрабуецца здаваць бег па штурмавой лесвіцы.

Спецыяльнасць, якую можна атрымаць на факультэце тэхнасфернай бяспекі, – “Пажарная і прамысловая бяспека”, кваліфікацыю – інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы. Вучыцца неабходна ўсяго 4 гады на дзённай форме навучання, і Марта ўжо набліжаецца да таго моманту, калі будзе трымаць у руках запаветны дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Таксама ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі на першай ступені вышэйшай адукацыі адкрыта спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”, і там магчыма навучанне яшчэ на завочнай форме.

Каб паступіць ва ўніверсітэт, трэба паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай ці беларускай мовах, матэматыцы і фізіцы, прайсці медыцынскі агляд, прафесійны псіхафізіялагічны адбор, прадэманстраваць свой узровень фізічнай падрыхтаванасці.

На працягу ўсяго перыяду навучання курсанты праходзяць прафесійную практыку ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях, удзельнічаюць у прафілактычных акцыях, забяспечваюць пажарную бяспеку на культурна-масавых мерапрыемствах. У 2018 годзе Марта Рудзік праходзіла практыку ў Дзятлаўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, і там пацвердзілася, што ў выбары прафесіі яна не памылілася. Дзяўчына ў пагонах актыўна праяўляла сябе і за кароткі тэрмін улілася ў калектыў, які паспеў да яе прывыкнуць:

Калектыў вельмі дружны, і мне ва ўсім на практыцы дапамагалі. Я не баялася лішні раз задаваць пытанні, мяне падтрымлівалі і навучалі, давалі магчымасць убачыць маю прафесію знутры, – расказала Марта.

Яна паспела паўдзельнічаць у розных прафілактычных акцыях, якія праходзілі ў нашым раёне, а таксама аказала дапамогу работнікам Дзятлаўскага РАНС у адкрыцці першага іміджавага пакоя ў кінатэатры “Спадарожнік”. Першымі наведвальнікамі пакоя сталі дзеці, і тут Марта змагла шчыра праявіць свае жаночыя якасці, знаходзячы асаблівы падыход да кожнага маленькага чалавека і ўмеючы растлумачыць яму важныя правілы для захавання жыцця.

Яна выбрала мужчынскую прафесію і сярод высокіх шыракаплечых калегаў здаецца маленькай і слабой. Толькі ацэньваючы яе ўпартасць і цвёрды характар, можна зразумець, што яна пры любой сітуацыі смела пойдзе “ў бой”, бо прафесіяналізм, адвага, гонар – маленькі дэвіз для ратаўнікоў з вялікім патэнцыялам.

Юлія БАКУНОВІЧ