ГрадусПлюс. А шторкі будуць?

Важнае Грамадства

У рэдакцыю газеты “Перамога” ўсё часцей звяртаюцца дзятлаўчане з клопатамі і праблемамі, не столькі асабістымі, колькі ўсеагульнымі для жыхароў раёна.

Нядаўні зварот быў звязаны з маршрутным транспартам.

– Так горача, мабыць, толькі ў пекле! Каб зразумець, дастаткова ў летні дзень праехаць прыгарадным аўтобусам па тэрыторыі раёна, – эмацыянальна расказвае жыхарка Гезгалаў, якая працуе ў Дзятлаве і час ад часу дабіраецца дадому з райцэнтра. – Гэта не проста лазня, а сапраўдны кіпячы кацёл.

Нядаўна яна ехала маршрутам “Дзятлава – Зачэпічы”. Па словах жанчыны, вокны ў аўтобусе не абсталяваны шторкамі, кандыцыянера і нават ценю няма. Пасарыжы імкнуцца заняць месцы на баку, далейшым ад сонца, але не ўсім так шанцуе. Тыя, хто не паспеў схавацца, мусяць пакутаваць усю дарогу. Пры гэтым не ўсе маюць моцнае здароўе, каб адолець падарожжа.

– Рэйсаў няшмат, але людзей едзе дастаткова. У спёку нават недалёкая дарога даецца цяжка, на маіх вачах пасажырцы стала млосна, – дзеліцца жанчына.

Жыхары раёна наракаюць, што рэйсаў мала і тыя ў летні час як вытрываць. А ехать трэба, калі ўласнага транспарту няма.

Ці будзе вырашана пытанне з павышэннем камфорту ў аўтобусах, пытаем у дырэктара аўтобуснага парка № 2 горада Ліды Андрэя Лапуця (Дзятлаўскі ўчастак з’яўляецца структурным падраздзяленнем арганізацыі).

– Адзначу, што колькасць рэйсаў у напрамку “Дзятлава – Гезгалы” не мянялася аўтобусным паркам № 2 горада Ліды на працягу апошніх пяці гадоў. Наконт рэйсаў іншых перавозчыкаў з пытаннямі варта звяртацца да “Аператара пасажырскіх перавозак”, – расказаў Андрэй Фёдаравіч. – Што тычыцца шторак, на жаль, не маем ні тэхнічнай, ні фінансавай магчымасці вырашыць пытанне. Аўтобусы выходзяць у рэйс у тым выглядзе, у якім выпушчаны заводам-вытворцам. Калі шторкі або кандыцыянер ёсць, яны абавязкова выкарыстоўваюцца. Знайсці дадатковыя сродкі на ўкамплектаванне маршрутнага транспарту сёння няма магчымасці: на працягу апошніх двух гадоў кошты на білеты нашай транспартнай сеткі  не павышаліся. Страты па Дзятлаўскім філіяле за пяць месяцаў гэтага года склалі 23 тысячы рублёў. Мы працуем для людзей, аднак і пасажыраў просім зразумець, што не ўсе пажаданні магчыма задаволіць.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga