Як для каго. Для чалавечага веку – шмат.
Дзіця ў год ужо ўстае на ножкі, паціху тупае па хаце, спрабуе вымавіць толькі яму зразумелыя словы. Першы год – асноўны, самы важны, ён паказвае, ці ўсё ў парадку з маленькім чалавекам, ці ён здаровы, правільна развіваецца і будзе ўпэўнена крочыць па жыцці.
Наш турінфацэнтр хутка адзначае маленькі юбілей – мы адкрыліся 1 жніўня 2023 года. І, як тое немаўля, прайшлі важны, інтэнсіўны шлях станаўлення: ад афармлення афіцыйных дакументаў да рэспубліканскага семінара па турызме па тэме “Роля турыстычных інфармацыйных цэнтраў у развіцці турызму”, на якім Дзятлаўскі і Навагрудскі ТІЦы дзяліліся вопытам работы з усёй рэспублікай. Мы вытрымалі, бо было што расказаць, чым падзяліцца і што паказаць на Дзятлаўшчыне.
Сёння Дзятлаўскі турінфацэнтр крок за крокам становіцца брэндам раёна, пра нас ведаюць далёка за межамі вобласці, мы ўдзельнікі шматлікіх выстаў, якія праходзяць на ўзроўні рэспублікі – “Адпачынак” – 2023 і 24, “Славянскі базар”, Рэспубліканскай прафсаюзнай выставы “Адкрый Беларусь”, Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне і многіх іншых. Кожнае важнае мерапрыемства, што праходзіць у раёне – канферэнцыя, семінар, прыём ганаровых гасцей – не абыходзіцца без удзелу ТІЦа, без экскурсіі па горадзе ці па Дзятлаўшчыне. Да нас едуць заказныя экскурсіі, бо ТІЦ падпісаў дамоўленасць з многімі турфірмамі рэспублікі і блізкага замежжа – з ТІЦамі Расійскай Федэрацыі. Нам ёсць што паказаць. Дзятлаўскі турінфацэнтр мае больш за дзясятак распрацаваных маршрутаў і праграм, яны ахопліваюць розныя кірункі турыстычнай дзейнасці – пешыя, аўтобусныя і велападарожжы, сплавы на байдарках, якія ажыццяўляе наш партнёр – Дзятлаўскі фізкультурна-спартыўны клуб, анімацыйныя праграмы. Мы супрацоўнічаем з Дзіцячай школай мастацтваў, сярэднімі школамі горада і раёна, Дзятлаўскім лясгасам (між іншым, у хуткім часе агульнымі намаганнямі з’явіцца турыстычная экасцежка ў нетрах Ліпічанскай пушчы), майстрамі-рамеснікамі Анатолем Кардашом з гарпасёлка Наваельня і Сяргеем Балыковым з аграгарадка Дварэц, да якіх, дзякуючы таму, што разам з ТІЦам майстры ўдзельнічаюць у міжнародных выставах, сталі актыўна прыязджаць на майстар-класы турысты з Расіі, установамі культуры (вельмі цесна – з Дварэцкім домам культуры), аграсядзібамі “Каля дуба”, “Раднік”, “Накрышкі”, з Дзятлаўскай сельгастэхнікай, дзятлаўскімі царквой і касцёлам. Кажучы словамі знакамітага героя Ільфа і Пятрова – Астапа Ібрагімавіча Бэндара, – “лед тронулся, господа присяжные заседатели”. Сапраўды, “тронулся”, а галоўны паказчык “вясны” ў нашай працы менавіта тое, што Дзятлаўшчынай пачалі цікавіцца нашы жыхары, які яшчэ нядаўна казалі: “А што тут у нас у Дзятлаве глядзець? Нічога тут цікавага няма.” А цікавае ёсць, як аказалася, і гэта цікавае, важнае і значнае адкрываем землякам мы – Дзятлаўскі турыстычны інфармацыйны цэнтр. Толькі за студзень – ліпень бягучага года мы правялі 61 экскурсію. Многа гэта ці мала, мяркуйце самі. Мы ж стараемся паказаць нашу Дзятлаўшчыну як месца старажытнае, легендарнае, якое мае цікавую гісторыю, можа ганарыцца знакамітымі землякамі і героямі, што мужна змагаліся з захопнікамі. І робім мы гэта не стыхійна, а згодна з канцэпцыяй развіцця турызму ў раёне.
І калі год жыцця – гэта шмат, то можам, не крывячы душой, сказаць, што за гэты год мы сталі на ногі, упэўнена развіваем турызм у раёне.
Дзятлаўскі ТІЦ пазнавальны, мы “visit_dyatlava” ў TikTok і Instagram, на Fesebook і Telegram. Заходзьте, чытайце, глядзіце ролікі пра тое, чым мы займаемся і што праводзім. Не пашкадуеце!
А яшчэ хочацца сказаць вялікі дзякуй за разуменне і падтрымку турызму ў нашым раёне старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэю Садоўскаму і галоўнаму спецыялісту сектара спорту і турызму Наталлі Калодка, чалавеку апантанаму ідэямі, энтузіясту, сапраўднаму прафесіяналу. Менавіта яна з’яўляецца генератарам шматлікіх ідэй, якія сёння паспяхова рэалізаваны.
Чакаем усіх, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю, актыўнага турызму, у нашым ТІЦы. Прыходзьце, цікаўцеся, пазнавайце родны край. Мы побач, мы заўсёды рады сустрэчы з вамі.
Алена АБРАМЧЫК,
спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga