Надзявай камуфляж, каб даўжэй шукалі

Важнае Грамадства

Сезон збору грыбоў ужо ў поўным разгары. Грыбнікі “палююць” на грыбы, а ратаўнікі і праваахоўнікі гойсаюць у пошуках грыбнікоў.

Не падумайце, я не ханжа і сама люблю грыбны “ўраджай”. Толькі штотыднёва, у сілу прафесіі, бачу зводкі здарэнняў, у якіх абавязкова фігуруе “пацярашка”. У асноўным, гэта пажылыя людзі. Не разлічваючы свае сілы, ідуць на далёкія адлегласці, у выніку страчваюць арыенціры.

Гэты мой роздум “выліўся” пасля апошняй гісторыі. Я даручыла карэспандэнту напісаць замалёўку пра жыхарку адной з нашых вёсак, жанчыну актыўную, пазітыўную – яна і гаспадыня, і кветкавод, і вершы піша. Як высветлілася, і па грыбы-ягады любіць хадзіць. У назначаны дзень сустрэча не адбылася, бо гераіня будучай замалёўкі заблукала з сяброўкай у лесе. Так і паведаміла карэспандэнту па тэлефоне: “Не магу з вамі сустрэцца, бо не магу знайсці дарогу дадому”. Добра, што гэта гісторыя пра таго, хто правільна сабраўся ў лес: з зараджаным тэлефонам і не адна.

А вось у апошнія дні ліпеня дзятлаўскія праваахоўнікі чатыры дні шукалі мужчыну. Яму крыху за 60, не стары, але зрок у яго вельмі дрэнны. Я задумваюся, што ён перажыў за чатыры дні і ночы ў лесе, ці захочацца яму яшчэ тых лясных дароў? На мой розум, няхай іх вавёркі з’ядуць.

Па інфармацыі дзятлаўскай міліцыі, штогод у нашым раёне 15-20 заблукаўшых “у сезон”, якіх выводзяць з лесу.

Ёсць і зусім трагічныя гісторыі – не ўсе застаюцца жывыя або гадамі лічацца прапаўшымі без вестак, а суседзі і блізкія дакладна ведаюць, што яны пайшлі ў лес і не вярнуліся. Усе гэтыя людзі былі ўпэўнены ў сабе і ў сваіх сілах.

Вывады няхай кожны робіць сам: ці варта ісці ў лес, калі вы ўжо ў сталым узросце, калі падводзіць здароўе. Калі ж рашыліся, задумвайцеся пра правілы паводзінаў у лесе і выконвайце іх.

Яны простыя, не палянуюся іх паўтарыць, хоць неаднаразова друкавалі ў газеце: папярэдзце блізкіх або суседзяў, у які лес пойдзеце; вазьміце зараджаны мабільны тэлефон, ваду і крыху ежы; калі ёсць хранічныя захворванні – неабходныя лекі; нож у грыбніка, як правіла, і так з сабой. І не трэба апранаць, як пагранічнікі, шэра-зялёны “камуфляж”, бо, у выпадку чаго, вас доўга шукаць будуць. Надзявайце адзежу яркіх колераў.

Што рабіць, калі вы заблукалі? Не панікаваць! Прыслухайцеся: гукі могуць дапамагчы вам высветліць, што знаходзіцца побач, ідзіце на іх. Шукайце лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі – прытрымлівайцеся іх і абавязкова выйдзеце да населеных пунктаў. Калі на шляху сустрэўся ручай ці рака, ідзіце ўніз па цячэнні – яны заўсёды прывядуць да людзей.

Патэлефануйце на нумары 101, 102 або 112 і паведаміце, з якога населенага пункта вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце па баках. А калі вы апынуліся ў лесе без тэлефона, супакойцеся і настройцеся на добры зыход. Калі пачынае цямнець, сарыентуйцеся на мясцовасці і падумайце, дзе арганізаваць начлег.

А ўвогуле – не рызыкуйце. Жыццё даражэйшае за суніцы і баравікі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga