Жніво, капітальны рамонт шматпавярховых дамоў і дваровых тэрыторый, дарожнае будаўніцтва, падрыхтоўка навучальных установаў да новага навучальнага года, – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Неабходны градус напружання для эфектыўнай работы
У аграрыяў цяпер складаны перыяд, неабходна аператыўна ўбраць усё да апошняга зярнятка.
Уборку рапсу аграрыі раёна завяршылі. Поўнасцю ўбраны азімы ячмень, ураджайнасць якога склала 30,2 цэнтнера з гектара, ААТ “Граніт-Агра” і КСУП “Хвінявічы” прыступілі да яравога. У дзятлаўскіх гаспадарак задача зжынаць за дзень па 5 % збожжа, аднак тэмпы пакуль невысокія, што адзначыў старшыня райвыканкама:
– Сёння нізкая дзённая выпрацоўка на камбайн. Тэмпы ўборкі недастатковыя, неабходна актывізавацца ўсім.
Пры гэтым Андрэй Уладзіміравіч нагадаў, што асаблівую ўвагу аграрыям неабходна звяртаць на насенны матэрыял – гэта галоўны залог будучага багатага ўраджаю.
Андрэй Садоўскі запатрабаваў інфармацыю па прастою тэхнікі ўключаць у агульную штодзённую зводку. Таксама заўважыў, што ацэнка будзе дадзена адказным за падрыхтоўку тэхнікі да ўборачнай кампаніі. Прывёў прыклад КСУП “Жукоўшчына”, дзе прыйшлося ўбіраць лён сіламі Дварэцкага льнозавода, паколькі гаспадарка “не справілася” са сваім ільноўборачным камбайнам.
Ёсць у кіраўніка раёна заўвагі і па рабоце некаторых механізатараў: людзі на прадпрыемстве значацца, а з-за п’янкі на работу выходзіць не спяшаюцца. Начальніку аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзіму Шчурскаму пастаўлена задача накіраваць такіх грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый.
Пракурор раёна Віталій Юрго агучыў выяўленыя парушэнні па фарміраванні статуліку ў некаторых сельгаспрадпрыемствах, калі, напрыклад, камбайн атрымаў паломкі, а па дакументах ён у гэты дзень знаходзіўся “ў страі”; таксама па фактах перавозкі зерня новага ўраджаю без тэнтавага пакрыцця, што вядзе да прамых страт ураджаю. Віталій Станіслававіч нагадаў, што адказнасць нясуць не толькі пастаянныя работнікі гаспадарак, але і часова занятыя на перыяд уборачнай кампаніі.
Штодзённа 4-5 экіпажаў Дзятлаўскага РАНС выязджаюць на прыкрыццё зернеўборачнай тэхнікі. Сумесна з праваахоўнікамі, журналістамі ратаўнікі працуюць у рэйдах на жніве па кантролі за выкананнем супрацьпажарнай бяспекі. Ва ўсе гаспадаркі ў чарговы раз накіраваны памяткі па правядзенні работ у перыяд уборачнай кампаніі з улікам супрацьпажарных правілаў. Арганізуецца прамежкавы кантроль па палях, дзе жніво завершана.
****
Не забываюць ратаўнікі і другі від сваёй прафілактычнай дзейнасці – работу з аматарамі купацца ў забароненых месцах. Дарэчы, на мінулым тыдні на Гродзеншчыне патанулі 5 чалавек.
У зоне станоўчых значэнняў
Абмеркавалі на нарадзе эканамічныя паказчыкі. Індэкс фізічнага аб’ёму прадукцыі па раёне за шэсць месяцаў бягучага года склаў 103,1 %.
Як падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, усе дзятлаўскія прадпрыемствы працуюць эфектыўна. Са стратамі спрацавалі толькі інвестары “РоданАгра” і “РоданАграПол”, аднак гэта раслінаводы, вынік дзейнасці якіх будзе бачны напрыканцы года.
Павялічаны аб’ём выручкі, чысты прыбытак склаў 107 %. Галоўны патэнцыял раёна – гэта прамысловы комплекс. Па ўдзельнай вазе сёння 68 % займае прамысловасць, 17 % – сельская гаспадарка.
Установам адукацыі няма часу на адпачынак
Яны рыхтуюцца да новага навучальнага года. Пах фарбаў “даносіцца” з вокнаў усіх школ. Пачаты рамонт харчблока дзіцячага сада № 2 райцэнтра, рамонты дахаў Новаяльнянскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. Пачынаюць работу будаўнікі па даўнішняй праблеме “вечназацечнага” даху дзіцячага сада № 1 райцэнтра.
Дарэчы, 1 верасня школьнікі дзвюх школ раёна прыйдуць у нованазваныя ўстановы адукацыі. Рашэннем райвыканкама Новаяльнянскай школе прысвоена імя заслужанага настаўніка БССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандры Шаўчук, а сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава – імя легендарнага земляка Іосіфа Філідовіча.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga