17 ліпеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.
У памяшканні раённага выканаўчага камітэта сенатар правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію, абмеркаваў надзённыя справы ў раёне са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім.
– Дзятлаўшчына – невялікі раён, у якім жывуць працавітыя людзі ад зямлі. Лета для іх – гарачая пара, калі кожная хвіліна на вагу золата, час збіраць ураджай, адкладваючы на потым асабістыя клопаты і праблемы. З другога боку, адсутнасць папярэдніх заявак на асабісты прыём дэпутата – паказчык граматнай работы раённай улады, якая вырашае самыя актуальныя пытанні своечасова на месцах, – адзначыў Андрэй Пятровіч.
Разам з кіраўніком раёна яны наведалі палетак СГФ “АграМілк”, дзе ідзе ўборка азімай пшаніцы. Адметна, што менавіта ў гэтай кропцы непадалёку ад Дзятлава сыходзяцца межы трох сельгаспрадпрыемстваў – СГФ “АграМілк”, КСУП “Жукоўшчына” і “Хвинявічы”: на адным скрыжаванні растуць тры розныя культуры гаспадарак – пшаніца, кукуруза і цукровыя буракі. Тут адбылася сустрэча дэпутата і старшыні райвыканкама з дырэктарам СГФ “АграМілк” Аляксандрам Грынкевічам і дырэктарам РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзімам Худыком. Разам яны наведалі малочнатаварны комплекс “Засецце-2”, які быў здадзены ў эксплуатацыю сёлета.
– Цяпер у аграрыяў самая гарачая пара. Мы не чакалі высокага наплыву наведвальнікаў на прыёме, а разам з кіраўніком раёна самі выехалі ў поле, каб убачыць ход уборачнай кампаніі, – сказаў дэпутат. – Узровень правядзення сельскагаспадарчых работ на Дзятлаўшчыне ўражвае: людзі працуюць на сваіх месцах, тэхніка спраўная, ураджайнасць высокая. Прыемна, што на дзятлаўскай зямлі ёсць добрыя інвестары, такія, як РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, якія не проста даюць грошы, але ўкладваюць іх з душой.
Андрэй Жамойда адзначыў парадак і дагледжанасць жывёлагадоўчых аб’ектаў раёна, што толькі пацвярджае факт: тут працуюць з любоўю, сумленнем і высокім пачуццём адказнасці.
Андрэй Садоўскі пазнаёміў дэпутата з горадастваральнымі аб’ектамі і адметнасцямі райцэнтра, абазначыў ключавыя напрамкі дзейнасці ў раёне і актуальныя тэмы, з якімі выпадзе папрацаваць у тым ліку і дэпутацкаму корпусу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga