КСУП “Жукоўшчына”. Пасеялі першымі – малайцы

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Да завяршэння падыходзіць яравая сяўба ў Дзятлаўскім районе.

Сярод гаспадарак першым з пастаўленай задачай справілася КСУП “Жукоўшчына”. Вясна 2019 года для гэтага сельгаспрадпрыемства адметная не толькі інтэнсіўным ходам палявых работ, але і тым, што некалькі тыдняў таму на пасаду дырэктара прыйшоў былы галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка. Хто, як не ён, ведае кошт кожнай працоўнай гадзіны на веснавых палетках. Аляксандр Віктаравіч падзяліўся, як удалося выйсці ў раённыя лідары па сяўбе, якія задачы стаяць перад работнікамі КСУП “Жукоўшчына” на бліжэйшы час.

– Насеннем да пасяўной кампаніі мы былі забяспечаны на ўзроўні 118-120 %, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі склала 80 %. Змаглі справіцца і з яшчэ адной характэрнай праблемай – адсутнасцю неабходных аб’ёмаў паліва. На пакупку гаруча-змазачных матэрыялаў выкарыстоўвалі ўласныя сродкі, льготныя крэдыты, таварныя займы, што дазволіла наладзіць бесперабойную работу машынна-трактарнага парку.

Каб зацікавіць людзей, перад стартам пасяўной кампаніі з механізатарамі правялі працоўны сход, на якім “агучылі” расцэнкі, аб’ёмы і віды работ. Разам прыйшлі да агульнай высновы, што рабочы дзень неабходна было пачынаць з сямі гадзін і працаваць да заходу сонца. Пасля знаёмства на інфармацыйных стэндах з расцэнкамі на аплату працы, механізатары з зацікаўленасцю ўзяліся за справу. Нягледзячы на тое, што ўзімку тэхніку поўнасцю адрамантавалі, загадзя быў набыты запас запчастак да асноўных глебаапрацоўчых агрэгатаў. З вопыту добра ведаем, што ў глебе ёсць каменне, якое ў любы час можа сапсаваць глебаапрацоўчы агрэгат. Поўнасцю назапасілі і сродкі абароны раслін (пратручвальнікі), адрамантавалі пратручвальныя машыны.

Механізатар гаспадаркі Сяргей Белавус амаль адзін на энерганасычаным МТЗ-3022  падрыхтаваў глебу пад яравую сяўбу. Дапамагаў яму Аляксандр Аўцынаў. На ворыве працавалі Уладзімір Паўлоўскі і Сяргей Мілевіч. Сеяў на “Джон-Дзіры” Аляксандр Рогач. Мінеральныя ўгнаенні ўносілі Міхаіл Ануфрык і Сяргей Кучынскі, арганіку – Уладзімір Васюкевіч, Анатоль Калодка, Уладзімір Памбухчан.

– На што былі нацэлены ў час пасяўной кампаніі?

– Сёлетняя вясна выдалася сухой, тэрміны сяўбы ў параўнанні з мінулагоднімі выпалі на больш ранні перыяд. Ападкаў не хапала. Стаяла стратэгічная задача: насенне павінна “легчы” ў вільготную глебу. Усе механізатары разумелі, што ад правядзення вясенне-пасяўной кампаніі залежыць ураджай. А ўраджай – гэта канцэнтраты, дзяржзаказ, паступленне грашовых сродкаў у скарбонку гаспадаркі.

Яшчэ на сходзе з механізатарамі вырашылі, што калі будзем паспяваць сеяць у аптымальныя тэрміны, то ў нядзелю станем адпачываць. Так яно і атрамалася. У гэту нядзелю таксама плануем выхадны. Гэта неабходна, каб людзі вырашылі бытавыя пытанні, бо ва ўсіх ёсць сем’і і дзеці. Сярод метадаў матывацыі работнікаў у нас выкарыстоўваецца яшчэ і матэрыяльнае заахвочванне. Людзі хочуць зарабляць і своечасова атрымліваць зарплату, аб чым пастаянна клапоцімся.

– Якія плошчы засеялі яравымі культурамі?

– Варта памятаць, што КСУП “Жукоўшчына” небуйная гаспадарка, яравы клін у нас невялікі. Гэтай вясной засеялі 70 гектараў яравой пшаніцы, 20 – аўса, 10 – зерне-бабовых культур, 495 – кукурузы, 45 – ільну, 265 – ячменю, пасадзілі 80 гектараў бульбы, 150 – цукровых буракоў, 30 – агародніны.

– Што сярод задач на бліжэйшы час?

– Поўным ходам рыхтуем тэхніку да корманарыхтоўкі. Задача гэтага года – выйсці на 29 кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. На “зялёным жніве” ў нас будуць задзейнічаны тры “касы”, двое “грабляў”, здрабняльнікі “Ягуар”, КЗР і адзінаццаць “машын” на адвозцы. Трамбаваць сянажную масу будуць “Амкадор” і “Кіравец”. Калі паспрыяе надвор’е, мяркуем дасягнуць пастаўленай мэты. У нас набыта насенне аднагадовых культур, шматгадовых траваў: збіраемся правесці перазалужэнне на плошчы 325 гектараў, а таксама наладзіць сяўбу прамежкавых культур. Спраўнай тэхнікай поўнасцю забяспечаны. Шчыраваць на палях будзем да позняй восені, бо асноўнай крыніцай даходу нашага сельгаспрадпрыемства з’яўляюцца малако і мяса. Будзем з прыбаўкамі – заробім грошы.

Ірына СТЫРНІК