З кожным годам мацнеюць і развіваюцца беларуска-расійскія адносіны, актывізуюцца культурныя сувязі паміж рэгіёнамі абедзвюх краін.
Нядаўна ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося мерапрыемства, скіраванае на міжнацыянальнае супрацоўніцтва ў сферы культуры і мастацтва. Вось што пра гэта расказаў дырэктар музея Сяргей Каско:
– Супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў гэтым кірунку будуецца на захаванні і развіцці этнічнай, культурнай і моўнай самабытнасці нацый.
Так, у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя выставы “Святая Русь” рэпрадукцый карцін вялікага рускага мастака, філосафа, пісьменніка, паэта, вандроўніка, археолага, грамадскага дзеяча, педагога Мікалая Рэрыха. Удзел у імпрэзе прымаў прадстаўнік культурна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Рэрыхаўскае таварыства” Андрэй Пшонка.
На сустрэчы прысутнічалі педагог Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Жанна Лукашэня і кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах “Перспектыва” і “Камп’ютарная графіка” Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Роберт Асіпук са сваімі вучнямі, а таксама жыхары горада Дзятлава.
Для арганізацыі выставы рэпрадукцыі карцін прадставіў музей Мікалая Рэрыха горада Новасібірска.
Варта адзначыць, што гэты культурна-выставачны праект пачаў свой арт-ваяж па Беларусі некалькі гадоў таму.
У час прэзентацыі экспазіцыі ў Дзятлаве Андрэй Пшонка расказаў прысутным гісторыю жыцця і творчасці Мікалая Рэрыха і правёў для іх экскурсію па выставе.
Гасцей сустрэчы станоўча ўразіла працаздольнасць мастака: за сваё жыццё Мікалай Канстанцінавіч напісаў звыш сямі тысяч цудоўных і непаўторных карцін. Акрамя таго, Мікалай Рэрых прымаў удзел у шматлікіх экспедыцыях, і ўсё гэта ён сумяшчаў з актыўнай грамадскай і дзяржаўнай дзейнасцю.
Напрыканцы свайго выступлення Андрэй Пшонка падарыў кнігі пра вялікага мастака Мікалая Рэрыха раённай бібліятэцы і гісторыка-краязнаўчаму музею, падзякаваў дзятлаўчанам за цёплы прыём і нераўнадушныя адносіны да асобы і творчасці гэтага адметнага чалавека, а таксама падзяліўся асабістымі ўражаннямі аб прыгажосці і ўтульнасці нашага горада.
У сваю чаргу дзятлаўчане падзякавалі госцю за змястоўны і цікавы аповед і супрацоўніцтва з музеем, у выніку якога ў жыхароў дзятлаўскай зямлі з’явілася магчымасць дакрануцца да вялікага.
У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі выстава творчасці Мікалая Рэрыха будзе дзейнічаць да 15 жніўня, таму запрашаем жыхароў і гасцей нашага горада пазнаёміцца з яго непаўторнымі і адметнымі карцінамі.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga