Зямля скажа ім “Дзякуй!”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Другі тыдзень актыўна вядуцца работы па рэканструкцыі меліярацыйнай сеткі “Галаўское” (КСУП “Жукоўшчына”) на плошчы 33 гектары.

Сюды меліярацыйная брыгада прадпрыемства перайшла поўным саставам пасля здачы папярэдняга буйнога аб’екта “Плехаўка” (КСУП “Войневічы”), дзе ўвялі ва ўжытак 140 гектараў сельскагаспадарчых земляў, на якіх ужо пасеялі кукурузу.

– Рэканструкцыю праводзім спосабам асушэння адкрытай сеткай з выдаленнем драўнінна-хмызняковай расліннасці, вывазам драўніны і апрацоўкай пласта, – расказвае кіраўнік работ, вядучы інжынер-гіядэзіст Валянцін Варабей. – Завяршаем будаўніцтва трубы-пераезда, засталіся апошнія штрыхі і пасеў траваў. Таксама пабудуем яшчэ дзве трубы-рэгулятары.

Тэрмін рэалізацыі праекта тры месяцы, аднак каманда меліяратараў плануе завяршыць работы за два. На агульны вынік разам з Валянцінам Анатольевічам працуюць сапраўдныя прафесіяналы – экскаватаршчыкі Сяргей Макарчык і Васіль Лішык, бензапільшчыкі Юрый Лагуцік і Сяргей Міснік, рабочы Аляксандр Шчэрба, бульдазерыст Мікалай Марцінчык, вадзіцелі.

– Працуем для людзей і дабрабыту раёна, – падводзіць вынік размовы Валянцін Варабей. – Наша задача – падрыхтаваць глебу належным чынам, задача сельгаспрадпрыемства – прыняць работу, засеяць ніву і атрымліваць добры ўраджай.

З нагоды прафесійнага свята ён адрасуе калегам, ветэранам галіны і іх блізкім пажаданні здароўя, задавальнення ад работы, поспехаў і дабрабыту.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga