Здаровыя гарады і пасёлкі: пяць гадоў актыўнасці

Важнае Грамадства

З 2019 года ў Беларусі дзейнічае Дзяржаўны прафілактычны праект “Здаровыя гарады і пасёлкі”, які за пяцігоддзе аб’яднаў больш за 270 населеных пунктаў.

Адным з першых на Дзятлаўшчыне да яго далучыўся аграгарадок Круцілавічы, які сёння з’яўляецца цэнтрам здаровага ладу жыцця і спорту. Аб тым, як жывуць здаровыя і мэтанакіраваныя аграгарадкоўцы, даведаемся ў іх саміх.

На зарадку станавіся!

У Круцілавіцкай сярэдняй школе ведаюць, што, каб далучыць дзяцей да новай справы, трэба іх зацікавіць. Тут наладзілі для школьнікаў здароўезберагальнае асяроддзе: стварылі ўсе ўмовы, каб дзеці не толькі не гублялі, але і ўмацоўвалі здароўе ў школе. Толькі сёлета ў фае навучальнай установы з’явілася зона адпачынку: класікі на падлозе, настольны тэніс, шашкі і шахматы для заняткаў ціхім спортам. З’явілася і новая добрая традыцыя: на вялікім перапынку школьнікі дружна выбягаюць на фізкультхвілінку, якую праводзяць пад танцавальныя ролікі. Для гэтага на сцяне ўстановы замацавалі тэлевізар з выхадам у інтэрнэт.

– Дзякуючы такім простым крокам стала паляпшацца не толькі здароўе дзяцей, але і спартыўныя вынікі. Напрыклад, наша навучэнка Аляксандра Аўгусціновіч стала пераможцай раённых спаборніцтваў па шашках, яна ўваходзіць у зборную па гэтым відзе спорту; Максім Ляўшук – сярэбраны прызёр па настольным тэнісе, – расказвае дырэктар Круцілавіцкай сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі. – У нашай установе адукацыі здароваму ладу жыцця надаецца асаблівая ўвага. Мы цесна ўзаемадзейнічаем з сельскім Домам культуры, ААТ “Граніт-Агра”, Дзятлаўскім райЦГЭ. На базе школы з’явіліся свае традыцыйныя мерапрыемствы, на якія запрашаем гасцей: гэта “Футбольны батл пакаленняў”, “Тата, мама, я – футбольная сям’я”, спартландыя “Вясновы капеж”, прымеркаваны да Міжнароднага жаночага дня.

Але асаблівае сяброўства круцілавіцкія школьнікі водзяць з футболам, з’яўляюцца апорнай навучальнай установай па развіцці гэтага віду спорту. Дзякуючы старанням трэнера, аграблогера, інжынера ААТ “Граніт-Агра” Дзяніса Трафімчыка, яны наладзілі цесны кантакт з Беларускай асацыяцыяй футбола, якая пастаянна аказвае юным спартсменам спонсарскую дапамогу ў выглядзе спартыўнай формы і інвентара, узнагарод для правядзення рэгіянальных спаборніцтваў. Днямі дзве навучэнкі пятага класа пройдуць у сталіцы адбор у рэспубліканскую зборную па футболе.

Уваход на пляцоўку вольны

У жніўні споўніцца два гады, як у Круцілавічах працуе пляцоўка па мініфутболе – прамы доказ таго, што калектыў ААТ “Граніт-Агра” актыўна падтрымлівае ідэю здаровага пасёлка на малой радзіме.

– Такой выдатнай пляцоўкі, напэўна, няма больш ні ў адным аграгарадку, толькі ў райцэнтрах і ў нас, – расказвае Дзяніс Трафімчык. – Колькі чэмпіянатаў і турніраў яна бачыла за гэты час! Сюды любяць прыходзіць трэніравацца і гуляць як дзеці, так і дарослыя, пераважна работнікі гаспадаркі. Акрамя таго, на базе сельгаспрадпрыемства працуе трэнажорная зала з пераапранальняй, стол для настольнага тэніса і пляцоўка для пляжнага валейбола. Важна, што ўсімі гэтымі выгодамі могуць скарыстацца не толькі работнікі гаспадаркі, але ўсе жадаючыя. Так што да здаровага ладу жыцця ў нас рукой падаць.

У аграгарадку Круцілавічы шануюць і ганарацца статусам здаровага пасёлка, нядаўна ў пацвярджэнне гэтага на адміністрацыйным будынку ААТ “Граніт-Агра” з’явіўся вялікі банер, прысвечаны гэтай тэме, на якім паказаны аматарскія клубы і каманды аграгарадка па розных відах спорту. Вялікі спартыўны інтарэс гранітаўцаў стымулюе ўсіх аграгарадкоўцаў да здаровага ладу жыцця: тут у пашане веласіпед як найлепшы сезонны транспарт, а здаровае харчаванне на сяле – і так з’ява даступная, бо амаль у кожнага свой агарод і хатняя гаспадарка.

Усё толькі пачынаецца

Праект не абмяжоўваецца масавым далучэннем да спорту. Ён скіраваны на прапаганду здароўя праз усе сферы жыцця. З гэтай мэтай пастаянна праводзяцца асветніцкія мерапрыемствы як з удзелам спецыялістаў райЦГЭ, так і работнікаў мясцовага Дома культуры,  бібліятэкі.

На працягу ўсяго лета ў Данілавіцкім доме культуры для дзяцей і дарослых працуе пляцоўка “Тэрыторыя здароўя”, функцыянуе кніжная выстава, прысвечаная здароваму ладу жыцця, прафілактыцы інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў.

– Праектам “Здаровыя гарады і пасёлкі” на Дзятлаўшчыне ахоплены ўжо тры населеныя пункты: акрамя Круцілавічаў, гэта горад Дзятлава і гарпасёлак Наваельня. Плануем пашырыць геаграфію, – расказвае галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак. – Акрамя шэрагу тэматычных мерапрыемстваў, штогод разам з дактарамі Дзятлаўскай ЦРБ выязджаем на месцы для правядзення дыспансерызацыі, паступовымі крокамі мы ідзём да мэты: заахвочваем людзей клапаціцца пра сябе і сваё здароўе, перадаваць дзецям добрыя звычкі, каб падтрымліваць здаровую нацыю.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga