Яркае лета дзяцінства

Галоўнае Культура і адпачынак

У першы дзень летніх канікул у гарадскім скверы горада Дзятлава адбылася вялікая забаўляльная праграма, прысвечаная Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

Маленькіх і юных дзятлаўчан чакалі святочны канцэрт, гульні, атракцыёны, флэш-мобы, а таксама фотасесія ад супрацоўнікаў раённага аддзела Дэпартамента аховы.

Сваёй творчасцю падзяліліся танцавальны калектыў узорнай студыі “Мелодыя душы”, ансамбль “Сунічкі”, навучэнцы школ раёна і дзіцячай школы мастацтваў горада Дзятлава.

Супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС таксама падрыхтавалі для малечы сюрпрыз: у межах акцыі “Не пакідайце дзяцей адных” у гульнявой форме яны замацавалі правілы пажарнай бяспекі і павесяліліся ад душы пад імправізаваным фантанам, які падалі з пажарных машын.

Працягам свята стала выступленне роставых лялек, якія нікога не пакінулі раўнадушнымі, а таксама прагляд мультыплікацыйнага фільма на свежым паветры.

Госці мерапрыемстваў ахвотна дзяліліся сваімі эмоцыямі.

Вольга Вінцукевіч:

– Сёння мы на свяце з дачушкай Аляксандрай і сынам Даніілам. Тут вельмі весела, цікава, мне і дзецям падабаецца. Ужо паспелі і выступіць, і набыць прысмакі, і атрымаць задавальненне ад гульняў і конкурсаў. Выдатны канцэрт, цікавае мерапрыемства! Дзякуй арганізатарам за тое, што падарылі нам усім яркія моманты і пазітыўныя эмоцыі.

Вольга Орсік:

– Прыйшла на свята падтрымаць сваю любімую юную артыстку – дачушку Паліну, якая выступала ў танцавальным нумары разам з калектывам “Сунічкі”. Пабегаць і павесяліцца ад душы таксама паспелі. Вельмі рада, што сёння мы тут знаходзімся: важна, каб дзеці ведалі, што ў Беларусі шануюць і адзначаюць такое свята, што пра іх клапоцяцца і аберагаюць шчаслівае дзяцінства як сям’я, так і грамадства.

Наталля Якабчук:

– Вельмі зручна, што свята для дзяцей ладзіцца на адкрытай пляцоўцы ў парку, куды можна свабодна і бяспечна прыйсці нават з маленькімі  дзеткамі. Я сёння тут разам з дзвюма сваімі дачушкамі, спяваем, танцуем і гуляем разам. Ад душы віншую ўсіх дзетак і іх бацькоў з такім цудоўным і важным святам, як Дзень абароны дзяцей! Няхай дзяцінства заўжды будзе яркім, напоўненым станоўчымі эмоцыямі і абавязкова мірным. Усім вясёлага лета!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga